1 ліпеня Гродзенскі аблвыканкам далучыўся да заключнага мерапрыемства Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якое праходзіла ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі з удзелам Прэзідэнтаў абедзвюх дзяржаў, спікераў Парламентаў, міністраў, кіраўнікоў рэгіёнаў.
Дзятлаўшчыну ў абласной студыі прадстаўляў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, які падзяліўся ўражаннямі ад відэаканферэнцыі:
– Прыемна, што давялося паўдзельнічаць у сустрэчы такога ўзроўню. Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі мае вялікае значэнне, бо спрыяе развіццю партнёрства паміж нашымі краінамі, вызначае стратэгію супрацоўніцтва. Сумесныя праграмы, навукова-тэхнічныя праекты, распрацоўкі беларускіх і расійскіх вучоных – усё гэта дазваляе не толькі развіваць эканоміку дзвюх дзяржаў, але і павышае канкурэнтаздольнасць нашых кампаній на знешнім рынку.
Зацікавіла мяне і тэма лічбавізацыі. На бліжэйшы час укараненне лічбавых тэхналогій вызначана адным з асноўных кірункаў развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі-партнёрамі. Згодзен з тым, што высокія тэхналогіі не толькі сталі рухальнай сілай для эканомікі, але і значна павысілі якасць нашага жыцця. Актуальнасць лічбавізацыі сёння відавочна: любая вытворчасць, каб канкурыраваць, павінна адпавядаць патрабаванням часу, высокія тэхналогіі з’яўляюцца, у тым ліку, драйверам для рэалізацыі саюзных праграм і навукова-тэхнічных праектаў. Для сучаснага маладога пакалення новыя тэхналогіі адкрываюць дадатковыя магчымасці, іграюць сваю станоўчую ролю ў супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні паміж маладымі парламентарыямі Беларусі і Расіі, пагадненне аб якім было дасягнута ў час форуму. Стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы павінна паспрыяць і развіццю моладзевага турызму.
Ад сябе хачу дадаць, што ў нас шмат маладых кіраўнікоў дзяржаўных установаў і прадпрымальнікаў, і вельмі важна, каб кааперацыйныя сувязі паміж нашымі краінамі ладзіліся ў тым ліку на ўзроўні моладзі.
На жаль, лічбавізацыя – магутная зброя, якую нярэдка выкарыстоўваюць у супрацьпраўных мэтах, таму краінам-партнёрам неабходна паставіць надзейную заслону прапагандзе гвалту, распальванню злосці і, па сутнасці, псіхозу ў сетцы Інтэрнэт.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga