15 ліпеня ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавалі некалькі інфармацыйных груп.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага ў Дзятлаве сустрэлася з працоўным калектывам ДРБУ № 119, абмеркавалі пяць актуальных тэм.
Аб вакцынацыі як найбольш эфектыўным спосабе барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй расказаў галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Алег Анцух.
Зазначыў, што на Дзятлаўшчыне выкарыстоўваюцца кітайская вакцына “Верацэл” і расійская “Спутник V”. Іх эфектыўнасць пацверджана клінічна. Вакцына вектарная, пры прышчэпцы вірус у арганізм не трапляе, таму не трэба баяцца захварэць. Імунітэт пачынае фарміравацца праз тыдзень пасля першай прышчэпкі, заканчвае – праз тры тыдні пасля другой. У раёне ўжо прышчэплена 70 % медыкаў, 47 % педагогаў, 100 % насельнікаў аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, 90 % сацыяльных работнікаў, усяго мяркуецца правакцынаваць 65 % жыхароў. Пабочныя эфекты ў вакцыны рэдкія, гэта можа быць павышэнне тэмпературы ці боль у месцы прышчэпкі. Сярод супрацьпаказанняў – цяжкія алергічныя рэакцыі, вострыя захворванні ў актыўнай фазе, абвастрэнне хранічных хваробаў. Імунітэт выпрацоўваецца на перыяд ад 9 месяцаў да 1,5 года. Прывітыя людзі, калі і хварэюць, то ў лёгкай форме. Алег Іванавіч парэкамендаваў работнікам ДРБУ № 119 таксама прайсці вакцынацыю.
Тэму садзейнічання занятасці насельніцтва закранула намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда.
Яна расказала пра інфармацыйны партал дзяржаўнай службы занятасці, дзе ёсць вакансіі нашага і іншых рэгіёнаў. Патлумачыла, што грамадзянам, якія рэгіструюцца ў якасці беспрацоўных у раённай службе занятасці, можа быць назначана дапамога па беспрацоўі, аказана садзейнічанне па перасяленні на новае месца работы з выплатай грашовых сродкаў ці дапамога ў арганізацыі сваёй справы, яны бясплатна праходзяць медагляд, могуць удзельнічаць у аплачваемых грамадскіх работах. У першым паўгоддзі садзейнічанне ў працаўладкаванні аказана 198 незанятым грамадзянам раёна, на прафесійнае навучанне накіраваны 5 чалавек, сярод якіх 3 – асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, у аплачваемых грамадскіх работах паўдзельнічаў 51 чалавек, сярод якіх 23 беспрацоўныя, у вольны ад вучобы час былі працаўладкаваны 40 навучэнцаў. У раёне захоўваецца ўстойлівы попыт на працоўную сілу, невысокі ўзровень рэгіструемага беспрацоўя, паказчык напружанасці на рынку працы 0,1 на адну вакансію. Самыя запатрабаваныя ў раёне прафесіі – повар, таваразнаўца, механізатар, электрагазазваршчык, сярод спецыялістаў – доктар, ветэрынарны фельчар, заатэхнік.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль прааналізаваў злачынствы, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення, і расказаў аб мерах іх прафілактыкі.
Сярод найбольш распаўсюджаных назваў правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносінаў. Падкрэсліў, што сярод забойстваў “п’яныя” складаюць 98,6 %, сярод нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў – 94,8 %, прычым алкагольнае ап’яненне з’яўляецца абцяжарваючым фактарам. У сем’ях, дзе п’юць бацькі, у сацыяльна ненадзейнае становішча трапляюць дзеці. П’яны чалавек за рулём часта становіцца віноўнікам дарожных здарэнняў. На жаль, праблема алкагалізацыі насельніцтва характэрна для нашага раёна: на ўліку ў доктара-нарколага каля 750 чалавек, сёлета ізаляваны ў ЛПП 17, сярод якіх 7 жанчын.
Ад работнікаў ДРБУ начальніку міліцыі паступіла прапанова – больш увагі звяртаць на забеспячэнне парадку на пляжы, у гарадскім парку, на аўтобусных прыпынках, дзе любіць збірацца моладзь.
Пра тое, што алкагольнае ап’яненне – адна з галоўных прычын утапленняў, расказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык.
Таксама на пляжы ў полі зроку трэба трымаць дзяцей, не адпускаць іх адных на вадаёмы, купальшчыкам быць уважлівымі да плавальных сродкаў, якія могуць ствараць моцныя хвалі, а тым, хто вырашыў на іх пакатацца, абавязкова апранаць ратавальныя камізэлькі.
Пры адпачынку ў лесе вогнішчы дазволена раскладваць толькі ў спецыяльна адведзеных месцах з захаваннем мераў бяспекі, пасля прыгатавання ежы абавязкова заліваць іх вадой і засыпаць грунтам. З наступленнем спякотнага надвор’я перыядычна ўводзяцца абмежаванні ці забароны на наведванне лясоў, за парушэнне якіх існуе адміністрацыйная адказнасць – штраф да 12 базавых велічыняў. Як сябе паводзіць у непрадбачаных сітуацыях, заўсёды падкажа дадатак МНС для мабільнага тэлефона “Дапамога побач”.
Як у першым паўгоддзі развівалася эканоміка раёна, калектыву ДРБУ № 119 расказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Прадпрыемствы Дзятлаўшчыны спрацавалі паспяхова, выручка склала 132 мільёны (+ 16 %), прыбытак – 9,6 мільёна рублёў. Сярэдняя зарплата за 5 месяцаў узрасла на 14 %. Прадпрыемствы вырабілі 102 % прадукцыі да ўзроўню мінулага года. Экспарт тавараў – 9 мільёнаў 63 тысячы рублёў, у чым заслуга прамысловых прадпрыемстваў, якія займаюць больш за 60 % у эканоміцы раёна. Напаўняльнасць раённага бюджэту за паўгоддзе – 48 %. Сёлета на развіццё раёна будуць выкарыстаны 1 мільён 300 рублёў бюджэтных сродкаў. Летась вялікага добраўпарадкавання дачакаўся гарпасёлак Казлоўшчына, сёлета работы будуць ажыццяўляцца ў Наваельні на вуліцы Шашэйнай і дзвюх дваровых тэрыторыях. У 2020 годзе быў адрамантаваны 6-ы паверх Дзятлаўскай бальніцы, сёлета адрамантуюць 5-ы.
У райцэнтры плануецца завяршыць добраўпарадкаванне вуліцы Міцкевіча, у аграгарадку Гезгалы аднавіць фасад і санвузлы Дома культуры. Дапамогу па рамонце ўстановаў адукацыі гатовы аказваць Сусветны банк развіцця, для гэтага рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава, Гезгалаўскай сярэдняй школы. Па інвестпраграме вобласці выдзелены сродкі на аднаўленне гарадскіх ачысных збудаванняў і лазнева-аздараўленчага комплексу райцэнтра. Што тычыцца дэмаграфічнага становішча, то ў першым паўгоддзі 2021 года ў раёне памерла 300 чалавек, нарадзілася 78 дзетак, заключана 28 шлюбаў. З залатым медалём школу скончылі 10 выпускнікоў Дзятлаўшчыны, на цэнтралізаваным тэсціраванні 100-бальны вынік па хіміі і замежнай мове атрымалі двое дзятлаўчан.
Напрыканцы свайго выступлення кіраўнік раёна падзякаваў калектыву ДРБУ № 119 і яго кіраўніку за плённую і выніковую працу.
З жыхарамі Жукоўшчынскага сельсавета сустрэлася раённая рабочая група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігара Кухарэвіча.
Доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ Мікалай Дзядовіч засяродзіў увагу на неабходнасці вакцынацыі супраць каранавірусу як адзінага рэальнага спосабу выпрацоўкі калектыўнага імунітэту.
Начальнік штаба АУС Дзятлаўскага райвыканкама Анатоль Андалюкевіч у сваёй прамове нагадаў пра найбольш вострыя праблемы з законам, зафіксаваныя як у раёне, так і ў вобласці. Тут лідзіруюць злачынствы ў нецвярозым стане, гандаль забароненым алкаголем, нярэдкія з’явы хатняга гвалту. Ён заклікаў больш уважліва ставіцца да сваіх дзяцей, асабліва ў час канікулаў.
Папярэджанне гібелі людзей на вадаёмах і пажаранебяспечных сітуацый у лясах – на гэтыя актуальныя сезонныя праблемы звярнуў увагу першы намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык.
Вынік сустрэчы падвёў Ігар Кухарэвіч:
– Многіх здарэнняў, пра якія сёння ішла гаворка, можна было не дапусціць, калі б суседзі, знаёмыя пацярпелых своечасова паведамілі аб сітуацыі ў адпаведныя органы. Заклікаю вас, не заставайцеся раўнадушнымі да чужых праблем і не старайцеся ўтаіць факты парушэння закона, сведкамі якіх вы становіцеся. Гэтым вы толькі аказваеце мядзведжую паслугу.
З працоўным калектывам Дзятлаўскага РУП ЖКГ сустрэлася інфармацыйная група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Залеўскага.
Намеснік галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Наталля Літвінская адзначыла, што вакцынацыя – гэта адзін з самых эфектыўных спосабаў барацьбы з COVID-19, параіла прысутным зрабіць прышчэпку і ўсім разам прыйсці да калектыўнага імунітэту, які дапаможа абараніць не толькі сябе, але і навакольных, у тым ліку родных і блізкіх. Таксама яна разгледзела пытанні, якія часта задаюць жыхары раёна адносна вакцынацыі.
Аб згубным уздзеянні празмернага ўжывання алкаголю на адносіны ў сям’і, пра адказнасць за злачынствы, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення, расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама Віктар Петрукевіч.
Аляксандр Беленка, намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС, заклікаў людзей не ўчыняць дзеянні, якія могуць прывесці да пажару ў лесе, быць асцярожнымі пры купанні, бацькам уважліва сачыць за дзецьмі паблізу вадаёмаў, адкрытых бочак з вадой і надзіманых басейнаў. У якасці падказак, як паводзіць сябе ў той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, раздаў слухачам інфармацыйныя буклеты.
Напрыканцы сустрэчы Юрый Залеўскі яшчэ раз нагадаў усім аб забаронах і абмежаваннях на наведванне лясоў, якія перыядычна ўводзяцца ў сувязі з тэмпературнымі рэкордамі, плаванні толькі ў спецыяльна адведзеных месцах.
Наталля АВЯРЧУК
Ірына СТЫРНІК
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga