Недалёка ад аграгарадка Гезгалы, сярод лесу, размясцілася папраўчая калонія-пасяленне № 26 – месца, дзе пануюць строгія правілы і час ідзе зусім па-іншаму.
Ад старонніх вачэй яе хаваюць высокая агароджа і раскідзістыя сосны. Для тых, хто сюды трапляе, вердыкт суддзі падзяліў жыццё на “раней” і “цяпер”, паміж якімі глыбокая бездань у многія гады.
Арганізаваць экскурсію для падлеткаў раёна і на рэальных прыкладах паказаць ім, што бывае з тымі, хто парушае закон, вырашылі педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, пры якім працуе клуб “Кантакт”. На занятках клуба дзяцей вучаць здароваму ладу жыцця, вядуць з імі размовы на духоўна-маральныя і прававыя тэмы, выхоўваюць пачуццё абавязку і адказнасці. Чарговы “ўрок”, па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі прайшоў без “сухой тэорыі” і прынёс непаўналетнім сустрэчу з людзьмі, якія па розных прычынах трапілі за краты. Паколькі паездка ў папраўчую ўстанову ладзілася ў час канікулаў, далучыцца да яе прапанавалі і іншым жадаючым школьнікам.
У суправаджэнні сацыяльнага педагога Алены Кухарчык 14 хлопчыкаў і дзяўчынак селі ў аўтобус, каб літаральна праз паўгадзіны пазнаёміцца з намеснікам начальніка па папраўчым працэсе ПКП № 26 Аляксеем Петрыкевічам, які расказаў пра мясцовыя правілы і адказаў на пытанні гасцей.
Аляксей Валер’евіч патлумачыў, што ў калоніі-пасяленні зняволеныя праходзяць адаптацыю і сацыялізацыю. Гэта ім неабходна пасля адбывання пакарання на аб’ектах больш строгага рэжыму, бо доўгія гады, а часам і дзесяцігоддзі, за кратамі дэзарыентуюць асуджаных. У калоніі, ва ўмовах больш лёгкага рэжыму, яны прывыкаюць да асаблівасцяў жыцця на волі: носяць звычайнае адзенне, самі распараджаюцца наяўнымі грашыма, працуюць, ладзяць быт, ходзяць у магазін, маюць права на неабмежаваную колькасць спатканняў, пасылак, перадач. Для арганізацыі занятасці ў калоніі функцыянуе прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, дзе пасяленцы распілоўваюць драўніну, б’юць з дошак паддоны і іншую прадукцыю. Частка асуджаных выязджае працаваць у арганізацыі раёна. Пасільную падтрымку зняволеным аказваюць іх родныя, калі яны ёсць.
Каб не быць галаслоўным і больш поўна пазнаёміць гасцей з бытам насельнікаў, Аляксей Петрыкевіч запрасіў агледзець храм у гонар Уладзіміра Гезгальскага, што знаходзіцца на тэрыторыі калоніі, мясцовую сталовую, дзе пануюць правілы самаабслугоўвання, прапанаваў з’ездзіць у дрэваапрацоўчы цэх, у якім кіпела работа, зазірнуць у інтэрнат і нават наведаць штрафны ізалятар, куды трапляюць парушальнікі рэжыму.
Затым гасцей чакала шчырая размова з асуджанымі, якія згадзіліся расказаць, што прывяло іх за краты.
– Дзеці, памятайце, калі вы абражваеце іншага чалавека, перш за ўсё вы абражваеце сябе, – такую жыццёвую ісціну пастараўся данесці да падлеткаў Аркадзь (імёны зменены), які быў асуджаны за забойства чалавека. Мужчына прызнаўся, што ў душы сто разоў раскайваецца за свой страшны ўчынак, але жыццё нанова не перапішаш. На свабодзе без яго павырасталі дзеці, гадуюцца ўнукі, жывуць жонка і маці.
– Слухайце дарослых, яны вам кепскага не параяць, заўсёды думайце, што робіце, каб не было позна каяцца, пастарайцеся атрымаць адукацыю, без гэтага сёння складана знайсці добрую работу, – па-бацькоўску параіў непаўналетнім Арцём, які адбывае пакаранне за дачу хабару.
– Законапаслухмяны лад жыцця павінен быць канстантай для кожнага, – выказаў сваё меркаванне Яўген, асуджаны за забойства. За плячыма ў мужчыны 19 з паловай гадоў зняволення. Жыццё ў калоніі-пасяленні ў параўнанні з ранейшым рэжымным аб’ектам ён называе “сельскім адпачынкам” і папярэджвае дзяцей, што тут яны ўбачылі “не страшныя” будні асуджаных. Тым не менш, увесь тэрмін пазбаўлення волі – гэта час, вырваны з жыцця, калі чалавек не мае ўласнага выбару, а падпарадкоўваецца існуючым правілам і жыве сярод тых, хто таксама ўчыніў фатальную памылку.
– Выбірайце сабе добрых сяброў, якія не падштурхнуць вас на парушэнне закона, – заклікаў юных удзельнікаў экскурсіі Максім. Ён ужо адсядзеў 13 гадоў за ўчыненне забойства. Мужчына лічыць, што за краты яго прывяла няправільная кампанія і завышаныя амбіцыі, што асабліва характэрна для падлеткавага ўзросту. Таму хлопчыкаў і дзяўчынак асуджаны папрасіў больш памяркоўна адносіцца да жыцця.
На развітанне непаўналетнія падзякавалі Аляксею Петрыкевічу за карысную экскурсію, прызналіся, што ў час яе пачулі шмат інфармацыі для разважання. Дамоў хлопчыкі і дзяўчынкі ехалі сцішаныя, відаць, убачанае запала ім глыбока ў душу. Застаецца спадзявацца, што жыццёвы ўрок яны засвоілі на чужых памылках.
Ірына СТЫРНІК