Заразіцца ад прышчэпкі немагчыма

Галоўнае Грамадства

У межах рэспубліканскай акцыі “Спынім пандэмію разам” прайшла сустрэча медыкаў з калектывам райвыканкама.

У час яе выступоўцы развеялі самыя частыя міфы пра вакцынацыю ад COVID-19, пазнаёмілі прысутных з эпідсітуацыяй у раёне і запрасілі прышчапіцца.

Лейтматывам сустрэчы стаў той факт, што трэцяя хваля каранавірусу непазбежная, і толькі ад нас саміх залежыць, наколькі падрыхтаванымі да яе мы апынемся.

Доктар-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалай Дзядовіч заўважыў, што няма больш эфектыўнай меры барацьбы з пандэміяй, чым вакцынацыя. Згодна з рэкамендацыямі Савета Міністраў і Міністэрства аховы здароўя Беларусі для стварэння калектыўнага імунітэту ў нашым раёне, вобласці, па ўсёй краіне павінны атрымаць прышчэпку не менш за 60 % насельніцтва.

– Першы выпадак захворвання на каранавірус у нашым раёне быў зафіксаваны 14 красавіка мінулага года. З таго часу ўсе сілы медыкаў былі скіраваны на барацьбу з пандэміяй. Усе мы помнім другую хвалю каранавіруснай інфекцыі, калі аддзяленні райбальніцы былі ў экстранным рэжыме перапрафіліраваны пад кавідныя, а паліклініка істотна змяніла рэжым работы. Ад наступстваў перанесенага ў сярэдняй і цяжкай форме захворвання многія нашы землякі пакутуюць дагэтуль, – нагадаў  Мікалай Мікалаевіч. – А цяпер уявіце, што ў нашых сілах не дапусціць паўтарэння гэтага сцэнарыя, проста прышчапіцца.

Выконваючая абавязкі намесніка галоўнага доктара Таццяна Свіб, якая курыруе ход вакцынацыі на Дзятлаўшчыне, “па паліцах” расклала інфармацыю пра тое, чым прышчапляюць, як дзейнічае прышчэпка і якіх сюрпрызаў чакаць.

– Аўтарытэтнае англійскае выданне  “Lancet” апублікавала навуковы артыкул, у якім даследавала ўсе існуючыя вакцыны ад каранавірусу. Аўтары адзначылі, што “Спутник V”, якім прышчапляюць у нашым раёне, на працягу двух тыдняў пасля другога кампанента фарміруе ўстойлівы імунітэт ад каранавірусу.
Доктар дадала, што вакцына пераносіцца добра, практычна не выклікае ўскладненняў. Толькі ў 1 % прышчэпленых назіралася павышэнне тэмпературы цела.  Кітайская вакцына, якой таксама можна прышчапіцца, дзейнічае яшчэ больш мякка. Спецыяліст абвергла самыя частыя і абсурдныя міфы пра небяспеку прышчэпкі ад каранавірусу, у тым ліку той, што ў выніку вакцынацыі можна заразіцца на COVID-19.

У нашым раёне медыкі першыя выпрабавалі на сабе вакцыну, даказаўшы яе бяспечнасць і эфектыўнасць, прышчапіліся настаўнікі і сацыяльны работнікі, а з гэтага тыдня пачынаецца вакцынацыя ў працоўных калектывах раёна.

Сёння на Дзятлаўшчыне існуюць тры прышчэпкавыя пункты ад каранавірусу: у райпаліклініцы, Казлоўшчынскай гарадской бальніцы і мабільная брыгада, якая можа праводзіць выязную вакцынацыю. Для гэтага было закуплена дадатковае халадзільнае абсталяванне.

– У час другой хвалі каранавірусу ўсе мы назіралі сапраўдны гераізм медыцынскіх работнікаў, – звярнуўся да прысутных галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух. – А як вядома, гераізм пачынаецца там, дзе ёсць істотныя недапрацоўкі. Спадзяюся, што ўсе мы ўлічым гэты вопыт і прымем правільныя рашэнні.

Галоўны доктар раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак адзначыла яшчэ і эканамічную выгаду ад прышчэпкі супраць каранавірусу. Усе, хто атрымаў два кампаненты вакцыны, могуць аформіць сертыфікат аб вакцынацыі, які можна выкарыстоўваць пры выездзе за мяжу. Яго кошт у восем разоў меншы за платны экспрэс-тэст, неабходны для такой мэты.

Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі змаглі задаць свае пытанні выступоўцам у індывідуальным парадку.

Наталля АВЯРЧУК

 



Теги: