Напярэдадні прафесійнага свята, Дня медыцынскіх работнікаў, у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт для людзей ў белых халатах.
– У гэты дзень найлепшыя пажаданні мы адрасуем тым, хто прыходзіць на дапамогу ў цяжкія хвіліны жыцця, вяртае нам і нашым блізкім здароўе і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, – адкрыў свята старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Вы звязалі сваё жыццё з нялёгкай, але высакароднай прафесіяй. Без выхадных і святаў ратуеце хворых. Ваша праца – служэнне на карысць людзей. Ваша вернасць справе і міласэрнасць дапамаглі многім зноў адчуць радасць жыцця.
Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020 год Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца прызнана лепшай, яна ж заняла першае месца ў штогадовым абласным аглядзе-конкурсе якасці і культуры медабслугоўвання па выніках дзейнасці ў 2020 годзе сярод установаў аховы здароўя раённага ўзроўню з колькасцю насельніцтва ніжэй за 30 тысяч чалавек.
У час пандэміі ўвесь свет усвядоміў выключную важнасць медыцынскай прафесіі. Вы годна вытрымалі выпрабаванні. У сваю чаргу дзяржава забяспечвае медыцынскія ўстановы новым абсталяваннем. 1 мая 2021 года быў адкрыты ФАП у аграгарадку Вензавец, адрамантаваны за кошт раённага бюджэту. Мы не спыняемся на дасягнутым і прадаўжаем гэту работу, – падрахункаваў сваё выступленне кіраўнік раёна.
Андрэй Садоўскі выказаў словы падзякі галоўнаму доктару Дзятлаўскай ЦРБ Алегу Анцуху і ўсім медыкам Дзятлаўшчыны. Ганаровыя граматы райвыканкама старшыня ўручыў доктару акушэру-гінеколагу Таццяне Данільчык, начальніку гаража Андрэю Сіняку. Падзячныя лісты – бухгалтару Таццяне Дзянісік, медыцынскім сёстрам Галіне Вольскай і Лізавеце Намярэнка, галоўнай медсястры Але Баковіч.
Віншавальную эстафету пераняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён выказаў людзям у белых халатах шчырыя словы падзякі, пажадаў дабрабыту, міру, поспехаў у нялёгкай працы. Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ўзнагародзіў доктара агульнай практыкі Наталлю Карпенка, інжынера-энергетыка Віктара Грыцука, Падзячнымі лістамі – памочніка доктара Анастасію Гаркавец, фельчара Наталлю Цярэшка.
Віншаванні медыкам нашага раёна ад старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка перадаў галоўны доктар ЦРБ Алег Анцух. Ганаровыя граматы галоўнага упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама ён уручыў доктару-педыятру, загадчыцы педыятрычным аддзяленнем Наталлі Радомскай, старшай медсястры Тамары Ванчук, Падзяку начальніка галоўнага упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама – доктару-тэрапеўту, загадчыцы Новаяльнянкай бальніцы Наталлі Літвінскай, эканамісту Анастасіі Ерамейчык, фельчару Наталлі Кастусік.
Словы віншавання для калегаў прагучалі і ад старшыні прафсаюзнай пярвічкі Дзятлаўскай ЦРБ Наталлі Логіш. Яна ўручыла ўзнагароды ад абласной і раённай галіновых прафсаюзных арганізацый.
Не абыйшлі ўвагай ва ўрачысты дзень і ветэранаў медыцынскай службы Дзятлаўскага раёна. Для іх калегі падрыхтавалі і ўручылі ў зале святочныя букеты.
Музычныя падарункі для тых, хто кожны дзень ахоўвае здароўе дзятлаўчан, гучалі ад артыстаў нашага раёна, яркае танцавальнае шоу медыкам арганізавалі ўдзельніцы студыі “Лэйла”.
Ірына СТЫРНІК