Цёплым чэрвеньскім днём сардэчныя віншаванні з юбілеем прымала выдатны педагог, абаяльная жанчына, клапатлівая маці, бабуля і прабабуля Ядвіга Кійко.
Павіншаваць жанчыну з 85-годдзем сабралася цэлая дэлегацыя – родныя, вучні, сяброўкі, маладыя педагогі школы № 1 горада Дзятлава і работніцы пазастацыянарнага сектара абслугоўвання насельніцтва разам з музыкамі.
Па-сапраўднаму “багатая” юбілярка мае дваіх дзяцей, траіх унукаў і чацвярых праўнукаў. Усе яны – частыя госці ў яе доме.
Са словамі віншавання да Ядвігі Аляксандраўны звярнулася яе першая выпускніца, сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча, падзякавала сваёй класнай кіраўніцы за жыццёвую навуку і дабрыню. Сваю калегу па грамадскай арганізацыі падтрымаў старшыня савета Міхаіл Губар.
Не абмінулі з віншавальным візітам дом Ядвігі Кійко яе калегі і сяброўкі, з якімі разам плённа творча працавалі ў школе № 1 горада Дзятлава – Яўгенія Савань, Тамара Красюк і Галіна Чура.
Сказаць “дзякуй” за неабыякаваць да сваёй працы, мудрасць, выхаванне не аднаго пакалення дзятлащчан прыйшлі маладыя педагогі “першай” школы – старшыня прафсаюзнага камітэта Наталля Якабчук і намеснік дырэктара (як некалі і сама Ядвіга Аляксандраўна) Іна Дзедава.
У гэты дзень гучалі шчырыя словы ад родных людзей, вершы ад калег, прысвечаныя юбілярцы. Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва падарыў імянінніцы добрыя песні для душы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga