Вольга Козел: “Старалася дапамагаць людзям”

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нямала на Дзятлаўшчыне невялікіх вёсачак з багатай гісторыяй, і кожную з іх імкнуцца наведаць работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”.

На гэты раз іх дарога ляжала ў Белякі, дзе артысты сустрэліся з паважаным чалавекам – старастай вёскі Вольгай Козел, лёс якой ад калыскі да нашых дзён звязаны з жыццём і гісторыяй гэтага населенага пункта.

Біяграфія будучай вясковай старасты пачалася 23 лютага 1943 года на ранейшым хутары Астралэнка паблізу Белякоў. Вольга стала трэцім дзіцём у сялянскай сям’і Лук’яна Іосіфавіча і Марыі Андрэеўны Гушчаў, дзе ўжо гадаваліся сын Віктар і дачка Ганна.

Ваенныя гады не пакінулі адбітку ў памяці нашай зямлячкі з-за ранняга ўзросту, але пра той час ёй шмат расказвалі блізкія. Сям’і жылося складана: каб пракарміцца, трымалі вялікую гаспадарку, клапаціцца пра якую даводзілася маці і старэйшым дзецям, бо бацьку пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі забралі на фронт. З вайны мужчына вярнуўся цяжка параненым. У 1945-м здароўе ветэрана значна пагоршылася. Яшчэ праз паўгода таты ў Вольгі не стала. Пахавалі яго з ваеннымі ўзнагародамі.

Нягледзячы на цяжкае дзяцінства, Вольга змагла скончыць 9 класаў Яварскай школы. З кожным пасляваенным годам жыццё ўсё больш уваходзіла ў нармальнае русла. Сям’я Гушчаў пабудавала невялікі дом у Беляках, пераехала туды на пастаяннае жыхарства.

Вольга ўладкавалася ў калгас, дзе спачатку працавала на збожжатаку, а затым і на іншых участках гаспадаркі: была звеннявой, даяркай, пэўны перыяд замяшчала брыгадзіра.

Характар у дзяўчыны быў вясёлы і бойкі, яна любіла спяваць і танцаваць, удзельнічала ў канцэртах мастацкай самадзейнасці. Мясцовы вакальны гурт з выступленнямі часта ездзіў па навакольных вёсках. За ўдзел у культурным жыцці раёна Вольгу Лук’янаўну некалькі разоў адзначалі Пахвальнымі лістамі. Але галоўны падарунак дзяўчыне лёс паднёс, калі аднойчы на вячорках яна сустрэла свайго будучага мужа Мікалая Козела.

Хуткім часам пара згуляла вяселле, нарадзіліся дзеці. Цяпер дочкі Лена і Марына жывуць на Дзятлаўшчыне, сын Анатоль – у Гродне. Дачакалася Вольга Лук’янаўна пяцярых унукаў і траіх праўнукаў. На жаль, побач ужо няма роднага чалавека: муж памёр 24 гады таму, але адведаць матулю прыязджаюць з сем’ямі дзеці.

– Яны ў мяне цудоўныя, – зазначае наша зямлячка, – дай Бог кожнаму такіх дзяцей.

За чулае сэрца, працавітасць, нераўнадушныя адносіны да людскіх праблем у 2011 годзе Вольгу Лук’янаўну Козел выбралі старастай вёскі Белякі.

– Заўсёды старалася дапамагаць людзям у цяжкія хвіліны, – расказвае гісторыю атрымання “грамадскай пасады” вясковая актывістка. – Выконвала ўсе просьбы і заяўкі местачкоўцаў. Цяпер таксама сачу за парадкам і пры падтрымцы старшыні Вензавецкага сельвыканкама Алега Шымко дапамагаю пераадольваць жыццёвыя праблемы сваім землякам.

Грамадскія клопаты Вольгі Козел не засталіся незаўважанымі: у 2012 годзе вясковая стараста была ўзнагароджана Падзячным лістом старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у рабоце органаў тэрытарыяльнага самакіравання.

Мінула амаль дзесяцігоддзе, а гэта значны перыяд для сучаснай вёскі. Цяпер у Беляках жывуць пераважна старыя людзі, занятыя простымі гаспадарчымі клопатамі, час тут ідзе няспешна, мерна. Сама Вольга Лук’янаўна, калі выдаецца вольная хвілінка сярод будзённых спраў, любіць узяцца за вязанне. Дома ў яе шмат дыванкоў і ходнікаў, зробленых сваімі рукамі, а колькі іх падарыла блізкім і знаёмым, ужо і не памятае. Яшчэ адно яе захапленне – чытаць раманы пра каханне, не менш любіць паразмаўляць з людзьмі пра жыццё. Аднак найлепшым адпачынкам вясковая стараста лічыць тыя дні, калі ў “бацькоўскае гняздо” прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі, тады хата звініць, ажывае, напаўняецца іх галасамі, а матуліна сэрца – пяшчотай і радасцю.

Калі артыстка сектара Ірына Бакшук пацікавілася ў Вольгі Козел, якія традыцыі беларускай глыбінкі варта паважаць і захоўваць маладому пакаленню, вясковая актывістка, не задумваючыся, пералічыла: больш працаваць, як гэта рабілі прашчуры, быць добрымі людзьмі, шанаваць бацькоў і клапаціцца пра іх, а галоўнае – радавацца жыццю, кожнаму новаму дню, як нават у самы цяжкі час гэта рабіла наша пасляваеннае пакаленне.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва



Теги: