Памяць, пранесеная праз гады

Грамадства Свежыя навіны

Дзень памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ў летніку “Эколаг” Гезгалаўскай сярэдняй школы пачаўся відэаэфірнай хвілінай маўчання, суправаджаемай голасам Левітана.

Затым выхаванцы летніка паглядзелі сюжэты пра дзяцей і жывёл, якія таксама змагаліся на вайне. Дзеці пазналі малавядомыя старонкі гісторыі і дзіўныя факты аб тым, як ратавалі параненых сабакі-санітары, дзейнічалі галубы-паштальёны, кошкі-разведчыцы і нават вярблюды.

Мясцовы Дом культуры запрасіў выхавальнікаў летніка на музычна-пазнавальную праграму “Жывыя павінны памятаць”, дзе кожны жадаючы змог прачытаць верш аб вайне.

У школьным музеі, прымаючы ўдзел у квэст-гульні, дзеці змаглі дакрануцца да прадметаў і рэчаў тых ваенных часоў, памераць форму салдата, пабываць у ролі тэлеграфіста, вынесці з “поля бою” параненага, патрымаць у руках сапраўдныя ўзнагароды ветэрана – партызанкі Лідзіі Аляксандраўны Белавус з аграгарадка Гезгалы.

Вянок памяці, зроблены самімі выхаванцамі і іх настаўнікамі з бярозавых галінак і кветак, дзеці ўсклалі да абеліска, ушанавалі памяць герояў хвілінай маўчання. Гонар за тых, хто аддаў свае жыцці за Перамогу, адказнасць за будучыню сваёй краіны знайшлі водгук у сэрцах маленькіх грамадзян.

Людміла ШПАКАВА,
дырэктар летніка “Эколаг” Гезгалаўскай сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: