Утульны дворык у зацішным месцы, амаль непрыкметным з вуліцы Чырвонаармейскай.
Скрыпучыя веснічкі на кручку. Два кусты бэзу – белага, незвычайнай прыгажосці, махрыстага, з мноствам пялёсткаў, і цёмна-ліловага, таксама нейкай феерычнай формы, па чатыры-пять суквеццяў побач, на адной галінцы. А калі ступіш за весніцы – апынешся ў дзіўным каралеўстве кветак і яркіх кустоў, што адзін перад адным дзівяць вока сваёй чароўнай прыгажосцю. Тут, у гэтым царстве-каралеўстве, жыве сапраўдная фея кветак, жанчына, якая любіць іх усёй душой, даглядае, перасаджвае, выпісвае новыя гатункі, дзеліцца з людзьмі. Гэта – Зінаіда Сямёнаўна Вырко, удава вядомага дзятлаўчанам Яўгена Мікалаевіча Вырко, сакратара Дзятлаўскага райкама партыі. Дзятлаўшчына стала для іх сям’і апошнім прытулкам, месцам, дзе ім, ужо сталым людзям, якія выгадавалі трох сыноў, было спакойна і ўтульна жыць і працаваць.
Яўген Мікалаевіч многім запомніўся як прынцыповы кіраўнік, чалавек слова, які рабіў сваю справу сумленна, аддаў ёй многія гады жыцця. Але не ўсе ведаюць, што ён быў яшчэ і таленавітым інжынерам, вынаходнікам, ды і ўвогуле творчай асобай – мог што заўгодна зрабіць рукамі, аздобіць, добра маляваў, нават пісаў вершы. Зінаіда Сямёнаўна перадала ў музей раздрукаваную на прынтары “Баладу пра Карэлічы”, напісаную Яўгенам Мікалаевічам у 1995 годзе да 600-годдзя пасёлка. Карэлічы – малая радзіма аўтара, дарагое сэрцу месца, дзе жылі мама і тата, адкуль ён сам браў кірунак у самастойнае жыццё. Напісаны твор на беларускай мове. Добра напісаны, з захаваннем і рыфмаў, і рытму, і сюжэтнай лініі, нібы пісаў яго не аматар, а сапраўдны паэт. Балада ў свой час друкавалася ў раённай газеце “Перамога”. Сапраўды, таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Сілы і натхненне яму давала праца, родная зямля і сям’я, любімая жонка і сыны.
Яўген Мікалаевіч Вырко нарадзіўся 28 мая 1936 года ў Карэлічах. Быў адзіным сынам у сям’і. Бацька загінуў на вайне. Яго мабілізавалі пасля вызвалення, у ліпені 1944 года, дайшоў да Кёнігзберга, дзе і знайшоў вечны спачын. Яўген скончыў школу і паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут на аддзяленне геаграфіі, марыў падарожнічаць, але правучыўся нядоўга. З маці здарылася бяда: яна ехала на грузавой машыне, у кузаве якой стаялі бочкі з саляркай. Машына рэзка затармазіла, бочкі сарваліся з месца, і жанчына атрымала значныя фізічныя пашкоджанні, ёй зрабілі аперацыю. Сын прыехаў дадому, каб даглядаць маці. Даведак не далі, і Яўгена адлічылі за прагулы. А ў наступным, 1956 годзе, ён паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Тут і сустрэўся з Зінай – яны вучыліся ў адной групе. Дзяўчына, відаць, яму адразу спадабалася, бо праз некаторы час ён падышоў да яе і працягнуў верш. Яна пачытала і кажа: “Што ж ты мне верш Пушкіна даеш. Я яго на памяць ведаю. Хочаш, працягну. Ты свой напішы, тады я падумаю, ці ісці з табой на танцы”. Канешне, потым былі і свае вершы, прысвечаныя ёй, і вялікае каханне, і студэнцкі шлюб, і нараджэнне трох сыноў, і станаўленне сям’і і іх абаіх як асоб. Прайшлі праз усё, бо мелі агульныя інтарэсы і справу. Любілі зямлю, людзей, усё жывое, разам эксперыментавалі, ездзілі больш за дзесяць разоў на выставы ВДНГ у Маскву, прывозілі дыпломы і медалі. Усё гэта Зінаіда Сямёнаўна ашчадна захоўвае ў сямейным архіве, але многім шчыра падзялілася і з фондамі нашага музея. Аддаць усё не адважылася, вырашыла параіцца з сынамі. І гэта правільна: кожная сям’я павінна вывучаць гісторыю свайго роду, каб дзеці, унукі і праўнукі маглі ганарыцца яго прадстаўнікамі, чэрпаць ад іх сілы і мужнасць у цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
Шмат дзе прыйшлося працаваць сям’і Яўгена і Зінаіды Вырко: у Шчучыне, Карэлічах, Дзятлаве. Першае месца працы на Дзятлаўшчыне – калгас “Слава працы”. Калісьці, у 60-70-я гады мінулага стагоддзя, у нашым раёне былі два моцныя калгасы – “Слава працы” і “Расія”. Кіравалі імі сапраўдныя мужчыны, салдаты Вялікай Айчыннай вайны, Павел Фёдаравіч Сырадоеў і Аляксей Ягоравіч Калашнікаў. І трошкі, безумоўна, сапернічалі паміж сабой, асабліва пры падборы кадраў. Кожны хацеў перацягнуць на свой бок талковага маладога спецыяліста, а калі яшчэ і жонка з адпаведнай адукацыяй, то тут ужо стараліся прапанаваць найлепшыя ўмовы. Яўгена Мікалаевіча Вырко старшыня калгаса “Слава працы” Павел Фёдаравіч Сырадоеў запрасіў на пасаду галоўнага агранома з прыстойным акладам, а жонку– на пасаду эканаміста. Так і пераехалі на Дзятлаўшчыну. Аднак адпрацаваў Яўген Мікалаевіч у гаспадарцы нядоўга. Яго арганізатарскія здольнасці заўважылі і прызначылі інструктарам-арганізатарам камсамольскай работы ў дзятлаўскай акрузе. Пазней былі Карэлічы – партыйная і гаспадарчая праца. Быў перыяд, калі прапаноўвалі пасаду ў ЦК КПБ, але ён не змог пакінуць хворую маці, а пераязджаць у Мінск яна адмовілася.
У 1985 годзе сям’я Вырко зноў трапляе ў Дзятлаўскі раён. Яўгена Мікалаевіча прызначаюць першым сакратаром райкама партыі. Працаваў у камандзе са старшынёй райвыканкама Мечыславам Браніслававічам Касцюком. Тут перажылі распад СССР і Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, атрымаў новую пасаду дырэктара Дварэцкага льнозавода, якую любіў і аддаваў усе сілы дзеля мадэрнізацыі прадпрыемства. Тут, на Дзятлаўшчыне, знайшоў і вечны спачын.
Жыццё Яўгена Мікалаевіча абарвалася трагічна. Сёння Зінаіда Сямёнаўна жыве адна. Яшчэ жвавая худзенькая 82-гадовая жанчына, вельмі прыгожая, з правільнымі рысамі твару, вялікімі выразнымі вачыма. Ва ўсёй постаці, рухах, выразе твару адчуваецца ўнутраная сіла і чалавечая дабрыня.
Яна часта перабірае фотаздымкі, патэнты, выдадзеныя мужу-вынаходніку, выразкі з розных перыядычных выданняў, дзе напісана пра інжынерныя вышукі мужа. А запатэнтаваных вынаходніцтваў у Яўгена Мікалаевіча аж адзінаццаць. Яму заўсёды хацелася аблегчыць працу селяніна, работнікаў ільнозавода, павысіць рэнтабельнасць прадпрыемства, таму і праседжваў начамі над чарцяжамі, якіх у сямейных архівах таксама захавалася шмат. Калі нашым чытачам цікава, якія вынаходніцтвы зрабіў Яўген Мікалаевіч Вырко, можна зайсці на сайт https://patentdb.ru/author/1613194 і паглядзець.
А ў чырвоных скрыначках, якія прынесла Зінаіда Сямёнаўна і паклала на стол у альтанцы, дзе мы размаўлялі, – узнагароды Яўгена Мікалаевіча: медаль “За працоўную доблесць”, адзін залаты, тры сярэбраныя і чатыры бронзавыя медалі лаўрэата ВДНГ, медаль “Ветэран працы”, два ордэны “Знак пашаны”, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, пасведчанні дэпутата раённага і абласнога Саветаў, знакі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва розных гадоў. У 1994 годзе Яўген Мікалаевіч удастоены звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”, а ў 2008 годзе ўнесены ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. У гэтых узнагародах і пасведчаннях – уся працоўная дзейнасць чалавека, які сумленна ішоў па жыцці, стараўся заставацца самім сабой у любых сітуацыях, быць добрым кіраўніком, бацькам, мужам. І пакінутае ім бясследна не знікне, захаваецца ў сэрцах і памяці землякоў, у гісторыі роднага краю.
Зінаіда Сямёнаўна развітваецца са мной з добрай усмешкай на твары і з абяцаннем яшчэ не раз сустрэцца на яе ўтульным квяцістым падворку і пагартаць альбомы з фотаздымкамі, у якіх іх з Жэнем маладосць, і каханне, і трывогі, і надзеі. І памяць, бо сёлета Яўгену Мікалаевічу Вырко споўнілася б 85 гадоў.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея