На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца сумесная акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Летні патруль”, скіраваная на папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадзе і пажараў у лесапаркавых зонах.
На гэты раз пазнавальная сустрэча ў рамках мерапрыемства адбылася на гарадскім пляжы ў Дзятлаве. Сюды запрасілі наведвальнікаў летніка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і іх выхавальнікаў. У цікавай форме з дэманстрацыяй сродкаў выратавання дзецям нагадалі правілы паводзінаў на вадзе і расказалі, як на працягу купальнага сезону на Дзятлаўшчыне працуюць матросы раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах. Старшыня аб’яднання Уладзімір Баравік прапанаваў юным дзятлаўчанам паназіраць у бінокль за воднай гладдзю возера, як гэта робяць ратаўнікі, паказаў, як працуе мегафон, і патлумачыў, чаму для катання на лодцы спатрэбяцца ратавальныя камізэлькі і круг.
Ад Уладзіміра Баравіка і старшага інспектара Дзятлаўскага РАНС Марты Мілаш школьнікі атрымалі сцікеры з вясёлымі героямі-ратаўнікамі і яркія памяткі аб паводзінах на вадзе і ў спякотнае надвор’е.
Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык патлумачыла дзецям, што акцыя “Летні патруль” прадоўжыцца да канца канікулаў. У час яе актывісты БРСМ і ўдзельнікі моладзевых атрадаў аховы правапарадку будуць ладзіць з ратаўнікамі сумесныя рэйды, каб расказваць жыхарам раёна правілы бяспечных паводзінаў на водных аб’ектах Дзятлаўшчыны.
Напрыканцы моладзевы лідар раёна пажадала навучэнцам гэтым летам добра адпачыць, пазагараць і паплаваць, каб умацаваць здароўе перад тым, як сядуць за школьныя парты.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga