Да каго завітала дзіцячае свята?

Важнае Грамадства

Вясёлымі гульнямі на адкрытым паветры сустрэлі Міжнародны дзень абароны дзяцей выхаванцы прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, іх педагогі, замяшчальныя сем’і раёна.

Стартавала свята сяброўскім карагодам, у які сталі дзеці і дарослыя, каб патанцаваць, пазнаёміцца бліжэй і зрабіць першы крок у лета. Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ала Жэгалік, адкрываючы ўрачыстасць, пажадала прысутным светлага мірнага неба над галавой, каб кожнае дзіця мела клапатлівых бацькоў, а дарослыя радаваліся поспехам сваіх выхаванцаў, былі ім надзейнымі дарадцамі і абаронцамі на жыццёвым шляху. Музычныя падарункі і вершы прагучалі ад юных валанцёраў гімназіі № 1 горада Дзятлава, падрыхтаваць канцэртную праграму якім дапамагла педагог Святлана Андруніна. Вершы пра краіну дзяцінства і яе гарэзлівых насельнікаў вывучылі і выхаванцы сацыяльнага прытулка.

Яшчэ адным прыемным сюрпрызам для юных удзельнікаў свята і ўсіх жадаючых з ліку дарослых стала вясёлая эстафета. Камандам “Вясёлка” і “Світанак” давялося прайсці жартоўныя выпрабаванні на хуткасць, трапнасць і спрыт. Спартсмены насілі шклянкі з вадой на тэнісных ракетках, ладзілі незвычайны валейбольны турнір, скакалі, бегалі – адным словам, павесяліліся ад душы. Калі журы падвяло вынікі, аказалася, што каманды набралі аднолькавую колькасць балаў, значыць, перамагло сяброўства.

Не абышлося свята без гасцей. Павіншаваць дзятву і пахварэць за каманды юных спартсменаў прыйшлі сябры цэнтра. Гэта былі прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама, раённага савета ветэранаў, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын”, “БРСМ”, Таварыства Чырвонага Крыжа, раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”, раённага аб’яднання прафсаюзаў, а таксама святар Дзятлаўскага сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Аляксей Сцепановіч і сястра сястрынства ў гонар Святой Ксеніі Блажэннай Вольга Вараб’ёва. Напрыканцы сустрэчы кожны з гасцей падарыў прытулку і яго выхаванцам падарункі, не засталіся без прыемных сюрпрызаў і іншыя дзеці. Завяршылася свята салодкім пачастункам ад раённага аб’яднання прафсаюзаў, на які малечу запрасіў старшыня арганізацыі Валерый Макарчык.

Ірына СТЫРНІК



Теги: