Забавы для маленькіх і не толькі

Культура і адпачынак Свежыя навіны

У “Зецельскім фэсце” праявілі сябе нават самыя маленькія.

У скверы Дварчаніна для тых, хто яшчэ пакуль не ўмее хадзіць, быў арганізаваны “Забег паўзункоў”. Мамы, таты і нават бабулі з дзядулямі прыйшлі падтрымаць сваіх любімых дзяцей.

Самымі актыўнымі праявілі сябе матулі канкурсантаў, кожная з якіх прыдумала сваю стратэгію перамогі.

Ганна Жых:

– Мы з сынам Міхаілам вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе паўзункоў. Вельмі спадабалася гэта ідэя, тым больш, што поўзаем мы ўжо даўно. Сын вельмі любіць свае цацкі і хуценька дабіраецца да іх. Спадзяюся, гэта акалічнасць нам дапаможа сёння. Хачу падзякаваць арганізатарам за такі цікавы конкурс.

Ангеліна і Ванечка Ляхі:

– Нам дзесяць месяцаў, і гэта першы наш конкурс. Сын поўзае даўно, з шасці месяцаў, так што спадзяюся, што ўсё пройдзе гладка. Будзем дасягаць мэты, як атрымаецца. Жадаю нашай камандзе і ўсім удзельнікам конкурсу ўдачы.

Вядучыя свята, вясёлыя клоўны, дапамагалі маленькім спартсменам і стваралі бадзёры конкурсны настрой. Удзельнікі і пераможцы кожнага “забегу” адразу ж узнагароджваліся яркімі падарункамі-цацкамі.

Тым часам у гарадскім скверы цэнтральная раённая бібліятэка ў межах работы інтэрактыўнай пляцоўкі “Неразлучныя сябры – тата, мама, кніга, я” прапаноўвала дзятлаўчанам інтэлектуальныя і рухомыя гульні на любы густ. Як адзначыла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Якаўчык, госці свята маглі пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі, завітаць у “Бібліякафэ”, пагуляць у шашкі вялікіх памераў на асфальце, памаляваць ці нават проста адпачыць на крэслах-мяшках. Увазе дзятлаўчан быў прадстаўлены летапіс “Зецельскага фэсту”, які мае некалькі старонак і пішацца ў цяперашні момант.

На самым сямейным свяце года прайшоў архітэктурна-творчы конкурс “Мой утульны 3-D дворык”, дзе сем’і-каманды, прадстаўнікі школ раёна, стварылі з кардону і падручных матэрыялаў дамы і прысядзібныя пляцоўкі сваёй мары.

Людміла Асіпук-Фатон разам са сваімі дзяўчынкамі прадстаўляла школу № 1 горада Дзятлава. Разам яны стваралі свой дом мары. Па меркаванні ўдзельніц, найлепшы сямейны дом павінен быць вялікім, утульным, са светлымі вокнамі і вялікім садам, што яны і ўвасобілі ў сваім праекце. А побач з домам – аўтобус, каб выпраўляцца ўсёй сям’ёй у цікавыя падарожжы.

Сям’я Коласавых-Савань вырашыла пабудаваць незвычайны “дзятлаўскі замак” з зонай адпачынку, альтанкамі і лавачкамі, дзе можна адпачываць усёй сям’ёй. Над праектам працавала юная Аляксандра са сваёй бабуляй Ліліяй.

Побач над сваім архітэктурным праектам шчыравала сям’я Філатавых з Круцілавіцкай сярэдняй школы. Анастасіі і Дзмітрыю дапамагаў іх сын Міхаіл.

– Мы самі не ведаем пакуль, што ў нас атрымаецца, – адзначыла гаспадыня дома. – Гэта будзе нашым сакрэтам.

Аднак усе Філатавы згадзіліся, што ў доме мары ніяк не абысціся без каміна, перад якім уся сям’я будзе бавіць халодныя зімовыя вечары.

Не меншую цікавасць у гасцей свята выклікалі конкурсы “Сямейны чэлендж” – спаборніцтвы для самых спрытных, уважлівых і згуртаваных, а таксама “Скрыжаванне мастацтваў” – для аматараў песень, танцаў і складання вершаў.

Наталля АВЯРЧУК