Велікадушная. Шчодрая. Сумленная

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Забяспечанасць насельніцтва неабходнымі якаснымі прадуктамі шмат у чым залежыць ад таго, наколькі адказна працуюць работнікі жывёлагадоўлі.

“Трэба ўмець знайсці правільны падыход да жывёлы, бо кожная, як і чалавек, мае свой характар: можа быць у дрэнным або добрым настроі, мець свае звычкі і асаблівасці паводзін, прымаць аднаго чалавека, але са страхам ці агрэсіяй ставіцца да іншага”, – так лічыць Таццяна Гарошка, якая працуе аператарам машыннага даення на малочнатаварнай ферме ў КСУП “Хвінявічы”.

Жанчына родам з Гродна. Гарадская жыхарка Таццяна вывучылася на цырульніка, аднак лёс унёс свае карэктывы ў прафесійны шлях маладой дзяўчыны: яна выйшла замуж і з’ехала ў Навагрудскі раён у вёску Валеўка, дзе з 2004 года пасля аднадзённай стажыроўкі на групе пачала працаваць аператарам машыннага даення ў калгасе “Свіцязь”. У 2013 годзе перабралася на жыхарства ў Дзятлаўскі раён, атрымала тую ж самую пасаду на МТФ-777 у КСУП “Хвінявічы”. У працоўныя абавязкі жанчыны ўваходзіць не толькі даенне кароў, яна сочыць за станам дойнага статка. За змену разам з дзвюма калегамі яны абслугоўваюць каля 1500 дойных кароў з графікам працы дзень праз дзень. Сярод іх у працаўніцы комплексу ёсць улюбёнка: карова “Прынцэса”, бо яна вельмі спакойная і дае шмат малака.

У 2020 годзе рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці Таццяна Аляксееўна Гарошка была занесена на раённую Дошку гонару. Годам раней – узнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую працу, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці. Таксама ў 2019 і 2020 гадах у складзе звяна работнікаў заняла другое месца ў раённых спаборніцтвах у галіне жывёлагадоўлі сярод аператараў машыннага даення, якія працуюць у даільных залах.

Акрамя прафесійных поспехаў, у Таццяны Аляксееўны ёсць і асабістыя: яна выгадавала і выхавала дваіх дзяцей. Вольны час жанчына любіць правесці на рыбалцы, дзе лёгка спраўляецца з вудай. У Таццяны Гарошка ёсць свае жыццёвыя прынцыпы, якіх яна прытрымліваецца на працягу ўсяго жыцця: заставацца чалавекам у любой сітуацыі; быць велікадушнай, шчодрай і сумленнай; карыснай грамадству; увесь час развівацца і імкнуцца да лепшага як у працы, так і ў жыцці; на зло заўсёды адказваць дабром, ды і проста іскрыцца шчасцем і часцей усміхацца.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga