Ужо стала добрай традыцыяй для навучэнцаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і іх настаўнікаў кожны май ладзіць экскурсіі па памятных месцах нашай краіны.
Сёлетні год не стаў выключэннем. Школьнікі накіраваліся ў Брэсцкую крэпасць-герой і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.
Хто б мог падумаць, што гэтыя гістарычныя месцы выклічуць столькі эмоцый у дзяцей!
– Экскурсія ў Брэсцкую крэпасць стала для мяне вельмі пазнавальнай і цікавай, заставіла аб многім задумацца. Гэта дзіўная магчымасць датыкнуцца да нашай гісторыі, адчуць асабіста не толькі трагічныя падзеі тых часоў, але і гонар за нашых салдатаў, – расказвае Дар’я Заблоцкая, навучэнка 5 “В” класа. – Я лічу, што гэта гістарычнае месца павінен наведаць кожны, хто любіць сваю Радзіму, цэніць яе гісторыю. Памяць – гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх удзячных нашчадкаў нашай роднай Беларусі.
Не засталася раўнадушнай ад убачанага і Лізавета Ахрамовіч. З жалем у голасе дзяўчынка гаворыць:
– Ужо сам уваход з вялізнай гранітнай зоркай аказвае незабыўнае ўражанне. Мы ўбачылі паўразбураныя казематы крэпасці. На сценах – памятныя шыльдачкі, якія нагадваюць аб трагічных падзеях. Сляды абстрэлаў на сценах – нямыя сведкі гісторыі. Пейзаж вакол сакавіта-зялёны, і нават не верыцца, што тут магло такое адбывацца. Прыцягвае да сябе ўвагу вялікая скульптура “Смага”, дзе стомлены салдат намагаецца дапаўзці да ракі, каб набраць хоць крыху вады. З аповеду экскурсавода мы даведаліся, што многа воінаў загінула, таму што іх абстрэльвалі немцы.
Разам з экскурсаводам школьнікі прайшлі ўздоўж паўразбураных будынкаў кальцавой казармы, у якой зараз размешчаны музеі, убачылі знакамітыя Холмскія вароты, якія вядуць у Цытадэль. Таксама наведалі Свята-Мікалаеўскі храм, пабудаваны ў 17 стагоддзі. Пабывалі на плошчы Цырыманіялаў, дзе стаіць вялізная скульптура “Мужнасць” вышынёй каля 30 метраў, стаметровы абеліск, які па форме нагадвае штык рускай вінтоўкі. Спыніліся ў цэнтры плошчы каля Вечнага агню, каб ушанаваць памяць аб загінулых.
Затым наведалі музей пад незвычайнай назвай – “Музей вайны – тэрыторыя міру”. Гэта новы музей, дзе размясціліся восем экспазіцыйных залаў з прымяненнем у іх камп’ютарнай тэхнікі і разнастайных мастацкіх інсталяцый, што робіць яго самым тэхнічна перадавым у краіне.
Моцныя ўражанні выклікалі ўспаміны відавочцаў, лёсы членаў сем’яў абаронцаў крэпасці, пакуты жанчын і дзяцей, якія засталіся ў Брэсце і неаднаразова станавіліся ахвярамі рэпрэсій акупантаў.
Навучэнцы 7 і 8 класаў у час экскурсіі па гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна” даведаліся аб гісторыі стварэння комплексу, убачылі ўнікальныя збудаванні абарончай сістэмы – ДОТы Мінскага ўмацаванага раёна. Шырока прадстаўлена тут ваенная тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенных гадоў – авіяцыя, бронетэхніка, артылерыя. Для хлопчыкаў гэта стала сапраўдным адкрыццём. Да таго ж, на штучным вадаёме была прадэманстравана паромная пераправа і нізкаводны інжынерны мост, пабудаваны па даваенных чарцяжах. Пасля агляду экспазіцыі комплексу пачаставаліся салдацкай кашай, пастралялі з сапраўднай ваеннай зброі і праехаліся на танках перыяду 30-40-х гадоў.
Атрыманых ад экскурсій уражанняў хопіць дзецям на цэлае лета.
Святлана УРБАН,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga