На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы бяспекі жыццядзейнасці, прафілактыкі, работы сельгаспрадпрыемстваў, будаўніцтва і іншыя.
Нецвярозыя на працоўных месцах
Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка АУС райвыканкама Уладзімір Святоха, на мінулым тыдні ў раёне было ўзбуджана пяць крымінальных спраў, чатыры з якіх ужо раскрыты, пра пятую (крадзеж маёмасці ў Лудзічах) паведамленне паступіла 2 мая. Складзена 19 адміністрацыйных пратаколаў за распіццё спіртнога і з’яўленне п’янымі ў грамадскіх месцах, выяўлена 7 сямейных скандалістаў і адзін чалавек за дробнае хуліганства. У час рэйдаў міліцыі па гаспадарках раёна зафіксаваны 10 фактаў знаходжання работнікаў п’янымі на працоўных месцах, адзін з іх (на МТФ “Мядзвінавічы”) – двойчы на дзень. Крадзяжоў сельскагаспадарчай маёмасці не ўстаноўлена, рэйды прадаўжаюцца.
Адбыўся адзін пажар
Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні пажар гаража зарэгістраваны ў гарадскім пасёлку Наваельня. Прычына ўзгарання высвятляецца, працуе Следчы камітэт. Праведзены два рэйдавыя мерапрыемствы, ратаўнікі выступалі ў працоўных калектывах, працавалі аглядавыя камісіі. У час мерапрыемстваў складзена 7 адміністрацыйных пратаколаў за курэнне ў жылых памяшканнях. Асаблівую ўвагу РАНС надае наяўнасці сродкаў пажаратушэння ў арганізацыях і на тэхніцы, у сельсаветах – домаўладанням з пячным ацяпленнем.
Завяршаецца пасадка бульбы
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Шулейка адзначыў, што на гэтым тыдні ў раёне будзе завершана пасадка бульбы. Павольнымі тэмпамі ідзе і патрабуе паскарэння сяўба кукурузы: толькі 3 мая ў яе ўключылася КСУП “Слава працы”. Адной з актуальных задач для аграпрамкомплексу застаецца падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі, на мінулым тыдні пытанне разгледжана на пасяджэнні райвыканкама. На кантролі – своечасовае ўнясенне сродкаў абароны раслін і падкормка сенакосаў. Гаспадаркі пачалі выганяць на пашу буйную рагатую жывёлу, аднак у КСУПах “Хвінявічы” і “Жукоўшчына” назіраецца падзенне вытворчасці малака. Сітуацыю неабходна прааналізаваць і трымаць на кантролі.
Рамонтныя работы выканае ДРБУ-119
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі расказаў, што праз правядзенне тэндара вызначана арганізацыя, якая будзе выконваць рамонт дваровай тэрыторыі ў мікрараёне шматпавярховай забудовы па вуліцах Перамогі, Клары Цэткін, Чырвонаармейскай у Дзятлаве. Ёю стала ДРБУ-119. Плануецца, што рамонт будзе распачаты ў другой палове мая. Для зручнасці жыхароў яго правядуць паэтапна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga