“Про100 дапамагаем!”

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Пад такім дэвізам сёлета з 8 мая па 1 чэрвеня праходзіць месячнік Чырвонага Крыжа.

– Місія нашай арганізацыі – добраахвотна аблягчаць чалавечыя пакуты, дапамагаць абараняць жыццё, здароўе, гонар і годнасць тых, хто трапіў у бяду, займацца сацыяльным забеспячэннем адзінокіх састарэлых, інвалідаў, дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, – зазначае старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. – Там, дзе здарылася бяда і неабходна дапамога, заўсёды можна ўбачыць эмблему Чырвонага Крыжа.

На Дзятлаўшчыне мы выкарыстоўваем любыя магчымасці для добрых спраў. У час распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі асаблівую ўвагу надаём інфармацыйнай кампаніі, дапамозе пажылым людзям і інвалідам, бо яны знаходзяцца ў зоне павышанай рызыкі. Валанцёры раёна і сястра міласэрнасці дастаўляюць пенсіянерам лекі і прадукты на заказ. Такую работу не будзем спыняць і на працягу месячніка. Яшчэ на гэты перыяд запланавана шмат іншых добрых спраў.

Самых творчых дзятлаўчан запрашаем да ўдзелу ў абласным конкурсе фотаздымкаў гістарычных рэканструкцый аб дзейнасці Чырвонага Крыжа “100 гадоў у імя гуманнасці”. Яшчэ адна важная падзея месячніка – конкурс эсэ. Да Міжнароднага дня медыцынскіх сясцёр 12 мая прымеркаваны ўшанаванне медыцынскіх сясцёр міласэрнасці медыка-сацыяльнай службы “Дапамога” Гродзенскай абласной арганізацыі і публікацыя іх гісторый у сродках масавай інфармацыі. Актыўны ўдзел раённыя арганізацыі Чырвонага Крыжа прымала ў святкаванні 76-годдзя Вялікай Перамогі і ўшанаванні ветэранаў вайны. Да 31 мая збіраемся правесці інфармацыйна-прафілактычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Сусветнаму дню без тытуню.

У час месячніка прадоўжым у сродках масавай інфармацыі расказваць пра свае поспехі і праекты, будзем заклікаць у раённую арганізацыю новых членаў і валанцёраў, адшукваць карпаратыўных партнёраў і матэрыяльныя рэсурсы для новых добрых спраў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga