У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло адкрыццё мастацкай выставы “Святыні Дзятлаўшчыны”.
На яе запрасілі навучэнцаў гімназіі, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава і Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Работнікі музея расказалі пра карціны, якія прадстаўлены на выставе, і іх аўтараў.
Выкладчыца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня разам з вучнямі павіншавала музей са святам — Міжнародным днём музеяў , перадала ў яго фонд малюнкі, прысвечаныя тэме выставы.
‒ Адну з работ намалявала мая былая вучаніца Юлія Шах, якая сёння таксама прысутнічае ў зале, ‒ адзначыла Жанна Вячаславаўна.
Да віншаванняў далучыўся і Анатоль Кардаш ‒ мастак з Наваельні. У сваіх работах ён адлюстроўвае родныя мясціны, Дзятлаўшчыну і храмы нашага раёна.
‒ На напісанне карцін мяне натхняе магчымасць назаўжды захаваць прыгажосць моманту, ‒ падзяліўся думкамі Анатоль Аляксандравіч. ‒ Нават калі ад намаляванага на палатне месца не застанецца ні цэглы, ні чалавека, які зможа яго ўспомніць, яно працягне існаваць у маіх карцінах.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікам мерапрыемства было прапанавана падрабязней пазнаёміцца з новай экспазіцыяй і сфатаграфавацца на памяць.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga