Надзея Касач: “Раней у Капцях віравала жыццё”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вёска Капці знаходзіцца каля шашы, якая ў нашы дні нагадвае местачкоўцам, што паблізу імкліва цячэ жыццё, а ў гэтым лясным краі яно нібыта запаволілася, стала няспешным.

Работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці накіраваліся сюды ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, каб сустрэцца з паважаным чалавекам – старастай вёскі Капці Надзеяй Касач, біяграфія якой цесна звязана з некалькімі дзесяцігоддзямі гісторыі гэтага населенага пункта.

– У 1972 годзе, калі я пачынала працаваць бібліятэкарам Капцёўскай бібліятэкі, у нашай вёсцы налічвалася 70 падсобных гаспадарак, яшчэ 45 было ў Вялікай Волі, адкуль па кнігі таксама прыходзілі наведвальнікі, – узгадвае той далёкі час Надзея Мікалаеўна. – Мінула паўстагоддзя, цяпер госці Капцёў бачаць тут зусім іншую карціну: большасць хат ужо нежылыя, на ўсю вёску засталося шэсць чалавек. Час праляцеў незаўважна, павырасталі дзеці, “павыляталі” з родных гнёздаў. Двое маіх сыноў, напрыклад, жывуць у Рудзе Яварскай, працуюць у лясніцтве, трэці – пераехаў у Ліду. Калі выязджаюць у іншыя мясціны карэнныя жыхары, заціхае і вёска. Праўда, летам у бацькоўскія хаты наведваюцца дачнікі, бо мясціны тут лясныя, прыгожыя, яны, як магніт, цягнуць людзей на малую радзіму.

Сама Надзея Мікалаеўна – ураджэнка Руды Яварскай. Са слязамі на вачах успамінае сваё пасляваеннае дзяцінства. У сям’і гадаваліся тры дачкі, а бацька вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны цяжка хворым. Жанчына памятае, што працаваць на гаспадарцы ён ужо не мог: частым госцем у доме быў доктар. Жонцы і дзецям ветэрана даводзілася самім спраўляцца з цяжкасцямі вясковага пасляваеннага жыцця. Каб назапасіць сена на карову, касіць запрашалі аднавяскоўцаў-мужчын, сем’ям якіх увосень узамен па некалькі дзён дапамагалі капаць бульбу. Работы было шмат, таму пасля заканчэння школы матуля не адпусціла Надзею паступаць. Каб хутчэй стаць самастойнай, дзяўчына ўжо ў 19 гадоў выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей.

Праўда, сямейнае шчасце было нядоўгім: муж памёр рана. Магчыма, Надзея Мікалаеўна так бы і засталася жыць адна, каб не добрая парада свекрыві, з якой складваліся вельмі цёплыя адносіны. Па-мацярынску тая параіла не губляць час, выходзіць замуж зноў.

Надзея пачала больш пільна прыглядацца да наведвальнікаў бібліятэкі і ў рэшце рэшт даверыла сваё сэрца мясцоваму халасцяку Анатолю, з якім жыве ўжо больш за 30 гадоў.

– Лёс падарыў мне сямейнае шчасце другі раз, – прызнаецца жанчына. – Мой муж – руплівы гаспадар і добры чалавек. За тры дзесяцігоддзі сумеснага жыцця ні разу не абразіў мяне, не пакрыўдзіў кепскім словам.

Так за клопатамі па гаспадарцы і паўсядзённымі справамі ішло жыццё. За дзесяць гадоў да выхаду на пенсію Надзея Мікалаеўна вырашыла, акрамя асноўнай работы ў бібліятэцы, узяць паўстаўкі сацыяльнага работніка. Састарэлым землякам такая памочніца была вельмі патрэбная, а паколькі ў вёсцы ўсе адзін аднаго выдатна ведаюць, то і адносіны з падапечнымі і іх дзецьмі ў новай сацработніцы складваліся добрыя.

Як чалавека вядомага і паважанага, знаёмага з усімі праблемамі і патрэбамі местачкоўцаў, праз некаторы час Надзею Касач выбралі вясковай старастай. Клопатаў жанчыне дадалося, але спраўляцца з імі ёй дапамагае нераўнадушны характар і падтрымка Парэцкага сельвыканкама. У 2010 годзе за шматгадовую актыўную работу ў органах мясцовага самакіравання і ўдзел у грамадскім жыцці яна была адзначана Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама. Ад сваёй “грамадскай пасады” не адмаўляецца і сёння, але зазначае:

– Цяпер людзей у вёсцы мала, усе сталага веку. Найчасцей іх хвалюе здароўе, дастаўка лекаў. Бліжэйшы ад нас ФАП знаходзіцца ў Рудзе-Яварскай, але медыкі пра вяскоўцаў не забываюць. Двойчы на тыдзень прыязджае да нас аўталаўка. Наведваюцца да капцёўцаў з канцэртамі і работнікі культуры.

Па словах старасты, у Капцях, нягледзячы на маланаселенасць, захаваліся лепшыя традыцыі беларускай глыбінкі: жывуць вяскоўцы дружна, клапоцяцца адзін пра аднаго, цёпла сустракаюць гасцей, любяць добрыя песні і шчыра вераць, што калі-небудзь маладое жыццё вернецца ў невялікія вёскі, дзе кожную вясну зямля сумуе па гаспадарлівых руках.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена артыстамі сектара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga