Сёлета ўпершыню на “Зецельскім фэсце” ладзіўся конкурс-дэфіле для юных моднікаў “Міс Панамка, Містар Кепка”.
Яго арганізатары з Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці прапанавалі юным асобам і іх бацькам змайстраваць арыгінальны і яркі галаўны ўбор і заявіцца ў адной з пяці намінацый: “Флордызайн”, “Comedi-шляпа”, “Крэатыўная”, “Нацыянальны каларыт”, “Самая вялікая”.
На прапанову адгукнуліся і стварылі навінкі ў свеце дзіцячай моды каманды куцюр’е ясляў-сада № 1 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава, а таксама сям’і Снапковых з Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Як вядома, любы моднік пад прыгожы капялюш, каб дапоўніць вобраз, абавязкова падбярэ адпаведны касцюм ці сукенку, таму і ў юных удзельнікаў конкурсу-дэфіле атрымаліся свае модныя калекцыі. Калі характарызаваць іх коратка – яркія, арыгінальныя, крэатыўныя.
Членам журы пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгі Рагачовай нялёгка было зрабіць выбар, аднак яны ўсё ж такі вынеслі модны прысуд.
Бясспрэчную перамогу ў конкурсе, галоўны прыз, дыплом і тытул “Міс Панамка” заваявала Валерыя Царык з ДРЦД №2 горада Дзятлава. Яшчэ адным галоўным прызам, дыпломам і тытулам “Містар Кепка” адзначаны Багдан Бахар, выхаванец той жа дашкольнай установы. Таксама члены журы вылучылі маленькіх моднікаў, якім дасталіся спецыяльныя прызы сімпатый. Гэта былі Вікторыя Снапкова з Вензавецкага сада-сярэдняй школы, Юлія Спасюк і Вера Каляда з ясляў-сада № 1 горада Дзятлава. Астатнія ўдзельнікі моднага дэфіле аўтарскіх капялюшыкаў атрымалі салодкія прызы і рознакаляровыя паветраныя шары.
Ірына СТЫРНІК