Медыкі ўзнагароджаны медалямі Праваслаўнай Царквы

Галоўнае Грамадства

Дзятлаўскія медыкі, якія прынялі актыўны ўдзел у змаганні з каранавіруснай інфекцыяй, былі ўзнагароджаны медалямі Праваслаўнай Царквы.

Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель у час чарговага медыка-санітарнага савета ўручыў медалі работнікам Дзятлаўскай ЦРБ. Высокай узнагароды былі ўдастоены людзі, якія шмат працавалі ў “чырвонай” зоне ў разгар пандэміі, праявілі самаадданасць і высокі прафесіяналізм у выкананні ўрачэбнага абавязку.

– Мне пашчасціла выконваць асаблівую місію, якую на мяне ўсклала свяшчэннаначалле Праваслаўнай Царквы, у дні Святой Пасхі, калі мы святкуем перамогу жыцця над смерцю, – звярнуўся да прысутных айцец Іаан. – Барацьба з каранавіруснай інфекцыяй – гэта своеасаблівая вайна, у якой прымае ўдзел усё чалавецтва, і на перадавой – медыкі. У Праваслаўнай Царквы ёсць традыцыя прамаўляць у час уручэння ўзнагарод: “Аксіас!”, што азначае “дастойны”. Гэтыя словы з павагай адрасую кожнаму ўзнагароджанаму.

Медалямі Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага былі адзначаны доктар-тэрапеўт Андрэй Радзькоў, загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Арцём Орсік, доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Аляксей Грыдзюшка, загадчыца 2-га тэрапеўтычнага аддзялення Анастасія Мялешка, медыцынскія сёстры Людміла Скобля, Святлана Ярмаловіч, Юлія Белавус.

За ўклад у барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй аналагічным медалём быў узнагароджаны галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух.

– Хачу выказаць словы ўдзячнасці Праваслаўнай Царкве за тую ўвагу, якую яна аказвае медыкам, за дапамогу, матэрыяльную і духоўную, якую мы адчувалі ў змаганні з вірусам, – сказаў Алег Іванавіч. – Няхай мы не заўсёды можам дайсці да храма, але ўзносім малітвы за здароўе сваіх пацыентаў. На жаль, трэцяй хвалі COVID-19 быць, але я ўпэўнены, што мы з калегамі зробім усё магчымае, каб яна прайшла найменш адчувальна для дзятлаўчан.

Загадчыца прыёмнага пакоя Інэса Гусева, якая не толькі нястомна лячыла людзей ад каранавірусу, але і, як чалавек шчыра веруючы, малілася за іх у храме, атрымала ад іерэя найвышэйшую ўзнагароду Рускай Праваслаўнай Царквы – медаль “Патрыяршая падзяка”, зацверджаны вызначэннем Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Яна звярнулася да прысутных са словамі ўдзячнасці:

– Вельмі ганарова і хвалююча атрымліваць такую высокую ўзнагароду. Тым больш, яна закранае два аспекты майго жыцця – свецкі і царкоўны. Радуюся, што адданую працу медыкаў заўважаюць і шануюць на зямлі, і веру, што галоўную ўзнагароду за ўсё, што робім у жыцці, мы атрымаем на небе. Шчыра дзякую калегам за падтрымку і працу ў змаганні з пандэміяй. Жадаю ўсім здароўя і Божага благаславення.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: