У жыцці здараюцца моманты, калі чалавеку няма куды ісці, няма ў каго прасіць дапамогі.
На самой справе выхад ёсць! У нашым раёне па падтрымку звяртацца можна на нумар тэлефона гарачай лініі 8-044-4503070. У крайнім выпадку – разлічваць на засяленне ў крызісны пакой, дзе спецыялісты розных службаў дапамогуць знайсці рашэнне невырашальнай на першы погляд жыццёвай праблемы.
Пра дапамогу, што аказваецца на Дзятлаўшчыне ахвярам хатняга гвалту і людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, расказала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.
– Пры цесным супрацоўніцтве са службамі прафілактыкі раёна нашай установай ажыццяўляецца комплексная работа па аказанні дапамогі ахвярам сямейнага гвалту і грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (пацярпелі ад стыхіі ці пажару, засталіся без падтрымкі блізкіх).
Найчасцей такіх людзей выяўляюць спецыялісты органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, медыкі, праваахоўнікі, педагогі, сацыяльныя работнікі ў час прафесійнай дзейнасці, работы аглядавых камісій, прафілактычных рэйдаў і комплексных адпрацовак. Так, за 2019 год часовы прытулак і дапамогу ў крызісным пакоі атрымалі 9 грамадзян, 8 з якіх былі заселены туды па накіраванні міліцыі, 1 – аддзела адукацыі; у 2020 годзе крызісным пакоем скарысталіся 11 грамадзян – усе па накіраванні міліцыі.
– Таццяна Сямёнаўна, раскажыце падрабязней пра алгарытм засялення ў крызісны пакой?
– Засяленне можа адбывацца, як я ўжо зазначыла, па выяўленчым прынцыпе, калі “трывожны сігнал” паступае ад службаў прафілактыкі, або па заяўным, калі да нас звяртаецца сам пацярпелы і яго словы пра цяжкую жыццёвую сітуацыю знаходзяць пацвярджэнне спецыялістаў. У абодвух выпадках чалавеку, які мае патрэбу ў часовым прытулку, трэба напісаць заяву на аказанне Цэнтрам паслугі тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання і заключыць дагавор. Падкрэслю, што знаходжанне ў крызісным пакоі бясплатнае, аднак скарыстацца ім могуць паводле заканадаўства толькі асобы, якія пацярпелі ад гвалту, гандлю людзьмі, тэрарыстычных актаў, тэхнагенных катастрофаў, стыхійных бедстваў ці знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пры засяленні грамадзян у крызісны пакой іх бытавыя ўмовы грунтуюцца на прынцыпах самаабслугоўвання. Харчаванне, пакупка лекаў, сродкаў асабістай гігіены адбываецца за кошт уласных грошай насельнікаў пакоя. У самых складаных выпадках мы можам забяспечыць такіх людзей рэчамі першай неабходнасці, базавым наборам харчовых прадуктаў і сродкаў гігіены, якія нам перадаюць Чырвоны Крыж, Беларускі саюз жанчын, Царква, спонсары, добраахвотнікі.
– Наколькі зручна грамадзянам у крызісным пакоі, ці ёсць там бытавая тэхніка?
– Акрамя жылога памяшкання, там знаходзяцца санвузел і кухня. Кухня поўнасцю абсталявана для прыгатавання і прыёму ежы: ёсць халадзільнік, мультыварка, мікрахвалевая печ, тостарніца, чайнік, посуд, сталовыя прыборы. Ёсць і аптэчка першай дапамогі.
Мы пастаянна папаўняем базавы набор прадуктаў: чай, цукар, макароны, крупы. З рэчаў першай неабходнасці маюцца ручнік, халат, сродкі асабістай гігіены (мыла, туалетная папера, шампунь, зубная паста, зубныя шчоткі), а таксама два камплекты пасцельнай бялізны, дзіцячыя каляска і ложак. Пры неабходнасці насельнікі могуць быць забяспечаны бязвыплатнай дапамогай у выглядзе былых ва ўжытку адзення і абутку.
– На якую дапамогу яшчэ могуць разлічваць пацярпелыя?
– На комплексную дапамогу спецыялістаў: псіхалагічную, юрыдычную. Падказваем ім таксама, як аформіць дакументы на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі, садзейнічаем у правядзенні медыцынскага агляду, пры неабходнасці – шпіталізацыі, калі трэба, дапамагаем у працаўладкаванні. У найбольш складаных сітуацыях для пошуку шляхоў выхаду можа сабрацца міжведамасная група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі раённых службаў прафілактыкі, грамадскіх аб’яднанняў і нават святары.
– Ці можа чалавек быць датэрмінова выселены з крызіснага пакоя?
– У сваёй практыцы мы пакуль не сутыкаліся з такімі выпадкамі. Аднак падставы для высялення законам прапісаны. Гэта знаходжанне насельніка ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення, грубае парушэнне правілаў унутранага распарадку, абраза спецыялістаў, якія працуюць з ім па ўсіх нкірунках прафілактычнай работы, ці прыніжэнне іх чалавечай годнасці.
– Пасля стабілізацыі жыццёвай сітуацыі, ці падтрымліваеце чалавека далей?
– Нашы спецыялісты пры неабходнасці ажыццяўляюць суправаджэнне такіх людзей. Найчасцей звязваюцца з імі па тэлефоне або запрашаюць у Цэнтр для кансультацыйнай падтрымкі. Паўторных засяленняў адных і тых жа грамадзян у крызісны пакой у 2019-2020 гадах у нас не адзначалася.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga