У светлы дзень Уваскрэсення Хрыстова гэтым радасным воклікам Царква зноў сведчыць аб той падзеі, якая адбылася амаль дзве тысячы гадоў таму і стала вырашальнай у жыцці ўсяго чалавецтва.
Мы наперакор законам часу сёння перажываем падзеі той ночы, калі жонкі-міраносіцы прыйшлі да месца пахавання свайго Божага настаўніка і ўбачылі, што труна пустая. Божая сіла Хрыста перамагла закон смерці. Ён уваскрос і тым самым засведчыў усяму чалавецтву, што смерць – гэта не канец жыцця, што яна пераадольваемая сілай Божаю.
Уваскрэсенне Хрыстова з’яўляецца ўнікальнай падзеяй у гісторыі свету, паводле задумы Божай стала пачаткам і нашага асабістага ўваскрэсення. Сын Божы для таго і зведаў ператварэнне, пакуты, смерць і паўстаў з мёртвых, каб кожны меў магчымасць прайсці праз вопыт уваскрэсення з мёртвых у самым прамым сэнсе гэтага слова. Аб гэтым гаворыць апостал Павел: ”Гасподзь уваскрэсіць і нас сілаю Сваёю”.
Вось чаму свята Вялікадня – гэта свята перамогі жыцця над смерцю, бо Уваскрэсенне Хрыстова з’яўляецца прычынай для таго, што ўваскрэсенне з мёртвых даравана ўсім нам. Праз Уваскрэсенне Хрыстова веруючы чалавек набывае магчымасць далучыцца да падараванай з нябёс жыватворнай сілы, якая ўмацоўвае і дапамагае яму ў яго хрысціянскіх дзеяннях, у жыцці па праўдзе і запаведзях Божых. Для гэтага патрэбна ахвярная любоў, і набыццё яе патрабуе вялікай працы. Але Гасподзь не патрабуе ад нас непасільных подзвігаў. Гасподзь
не проста абцяжарвае нас Сваёй духоўнай працай, але і дае міласцю Сваёй сілы, і дапамагае нам яе вынесці. Гэта значыць, што заўсёды трэба мець Евангельскую матывацыю сваіх думак, слоў і ўчынкаў. І гэта матывацыя здольна як у асабістай, так і ў прафесіянальнай і грамадскай сферах памяняць нас саміх і свет вакол нас.
“ Няхай уваскрэсне Гасподзь і згінуць ворагі Яго!” – усклікаем мы ў гэту прамяністую ноч. Няхай уваскрэсне Гасподзь у нашых сэрцах і знікнуць хлусня, варожасць, злосць, звада і ўсякае раздзяленне ў нашым жыцці.
Ад усёй душы віншую ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, са святам Святога Вялікадня! Светлая радасць, дапамога, міласць і блаславенне сапраўды Уваскросшага Госпада нашага Ісуса Хрыста няхай ідуць побач з кожным у нашым далейшым хрысціянскім шляху. Амінь.
Хрыстос Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос Хрыстос!
Іерэй Іаан КІСЕЛЬ,
благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі