Заточванне пілаў па-сучаснаму

Важнае Грамадства

Мадэрнізацыя – працэс паступовы і бясконцы: пераўвасабленні ў адной сферы дзейнасці патрабуюць зменаў у наступнай, сумежнай з ёю.

Так, адкрыццё новага дрэваапрацоўчага цэха Дзятлаўскага лясгаса ў Вензаўцы прывяло да абнаўлення  тутэйшага заточнага аддзялення.

Тут папярэдні заточны станок, дзе большасць працы выконвалася ўручную, змяніўся на новы, сучасны. Цяпер працэс заточвання пілаў адбываецца ў аўтаматычным рэжыме, павысілася якасць і бяспека працы.

– Станкі набылі ў імпарцёра ў Пінску, папярэдне ўпэўніўшыся ў якасці іх работы, – расказвае галоўны інжынер лясгаса Віталь Квецень. – Час паказаў, што мы зрабілі правільны выбар.

Акрамя таго, абнавіўся станок для заточвання нажоў, якія выкарыстоўваюцца ў іншай дрэваапрацоўчай тэхніцы.

Аднак трэба заўважыць, што нават самыя разумныя сучасныя машыны не могуць працаваць без удзелу чалавечага розуму і і пільнасці. Таму на сваім дзяжурстве ён, заточнік Віктар Ліхойдзень. Мужчына з 90-х гадоў мінулага стагоддзя працаваў на пілараме ў Вензавецкім дрэваапрацоўчым цэху, а не так даўно перайшоў у заточнае аддзяленне. Разам з напарнікам яны дзяжураць па зменах.

– Працаваць стала лягчэй і цікавей, – заўважае спецыяліст. – Аднак і такія машыны патрабуюць вялікай канцэнтрацыі ўвагі.

Па словах галоўнага інжынера, абнаўленне абсталявання ў заточным аддзяленні прадоўжыцца яго далейшай мадэрнізацыяй. Ужо летась тут адбудзецца бягучы рамонт і будуць закуплены новыя агрэгаты.

Наталля АВЯРЧУК