Адзначаецца рост злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.
Яны характарызуюцца шматлікімі схемамі ўчынення, у тым ліку раней невядомымі ў нашым рэгіёне.
Шырока ўжываецца схема завалодання рэквізітамі картак у час званкоў ад “банкаўскіх работнікаў”. “Спецыялісты банка” выманьваюць у пацярпелых рэквізіты банкаўскіх картак і паролі да сістэм аддаленага доступу ці прапаноўваюць ім устанавіць праграму “AnyDesk” для аддаленай работы на гаджыце патэнцыяльнай ахвяры. Як толькі мэта дасягнута – праз аддалены доступ махляры цалкам спусташаюць карт-рахунак.
Апошнім часам зафіксавана схема крадзяжоў, пры якой зламыснікі, даведаўшыся ад пацярпелых ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта, атрымліваюць доступ да рахункаў і крадуць з іх грошы.
Следчы камітэт просіць грамадзян быць пільнымі і прытрымлівацца мераў бяспекі:
у сацыяльных сетках выкарыстоўвайце складаныя паролі да асабістых старонак, якія “не разгадаюць” спецыяльныя праграмы падбору;
не перадавайце паролі ад мабільных сістэмаў М-Banking, рэквізіты банкаўскіх картак, паролі ад сістэмы Інтэрнэт-банкінг іншым людзям;
калі атрымліваеце просьбу аб пералічэнні грошай ад знаёмых ці родных, не рабіце гэтага, пакуль асабіста не пагутарыце з тым, хто просіць;
у інтэрнэце правярайце інфармацыю аб кампаніях і асобах, якія прапануюць атрымаць хуткія даходы ад таргоў на бінарных апцыёнах;
не ўстанаўлівайце невядомыя праграмы на тэлефон па просьбе незнаёмцаў, не перадавайце даныя свайго пашпарта;
калі на тэлефон паступае тэкставае паведамленне ці званок з незнаёмага замежнага нумара, лепш яго праігнараваць.
Для барацьбы з ашуканцамі, якія тэлефануюць у “Viber” ад імя работнікаў банка ці супрацоўнікаў праваахоўных органаў з замежных нумароў, нядаўна была запушчана функцыя абароны ад лішніх званкоў, якую можна актываваць у меню “Настройкі” дадатку “Viber”. Функцыя абараняе абанента ад званкоў невядомых кантактаў.
Арцём АНТОНЧЫК,
следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта