Вясну гукаем – цяпло чакаем

Важнае Грамадства

У дзіцячым садку прайшло свята “Гуканне вясны”, свята развітання з зімой і сустрэчы вясны.

Ёсць у беларускага народа паданне, як брала Вясна ключы і адмыкала сырую зямельку, пускала на свет траву-мураву, адзявала ў лісце бярозы.

На свята дзеці прыйшлі з птушкамі, якіх зрабілі сваімі рукамі, каб вiтаць iмi птушак з цеплых краёў. Птушкамі і лісточкамі яны ўпрыгожылі веснавыя дрэўцы. Народнае свята не абыйшлося без песень, гульняў і вершаў пра веснавое прабуджэнне прыроды.

На вясенняй палянцы на дудачцы граў пастушок, ляталі птушачкі (дзяўчаты), звінелі ручайкі (хлопчыкі). Зіма згадзілася, што яе час прайшоў, і яна саступіла свой трон Вясне. У гульне- карагодзе “Вясна-красна, адкуль прыйшла” са стужкамі выхаванцы весела гукалі Вясну і заклікалі веснавое Сонейка хутчэй сагрэць зямлю. Дзеці зазывалі Вясну заклічкамі, птушкамi-свістулькамі, ігрой на дудачцы: “Жавароначкі, прыляціце, цёплае лецейка прынясіце. А зімачку прыбярыце, бо зімачка надаела, нам хлебушак пераела”. Дзеці адгадвалі загадкі пра птушак, спявалі беларускія народныя песні «Вяснянка», «Карагодная», песні-заклічкі “Жавароначкі прыляціце”.

З азартам разам з Сонейкам і Вясной дзеці гулялі ў беларускія народныя гульні “Іванка і Марылька”, “Грушка”.

Выхаванцы зарадзіліся выдатным настроем і веснавым цяплом на доўгі час. Весяліліся і дарослыя, і дзеці, упэўненныя ў тым, што чым зычней зазываць вясну будуць, тым хутчэй яна прыйдзе.

На развітанне Вясна пачаставала дзяцей вясновымі пернікамі-птушкамі, а яны паабяцалі, што і далей будуць клапаціцца аб птушках: дапамагаць бацькам будаваць шпакоўні.

Ларыса БРАГІНА,
музычны кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад №1 г. Дзятлава”