Вясна ці жыццё? Што натхняе паэтак Дзятлаўшчыны?

Важнае Грамадства

Наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей  Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна сабрала літаратурная гасцёўня “Вясновыя ноткі”.

Паслухаць вершы на вечныя і надзённыя тэмы, дакрануцца душой да прыгожага, парадавацца літаратурнаму слову і вясне людзей “залатога” ўзросту запрасілі дзятлаўскія паэткі Раіса Лакіза і Алена Абрамчык.

Дзве даволі розныя па творчасці і аднолькава цікавыя жанчыны сталі для прысутных гідамі па краіне мастацтва. Абедзве яны пачалі пісаць у сталым узросце, іх літаратурная актыўнасць прыпала на апошнія чатыры-пяць гадоў.

У Алены Рыгораўны пабачылі свет тры паэтычныя зборнікі: “У последней любви на краю”, “Послевкусие”, “Без тебя” – рыхтуецца да друку чацвёрты. Аўтар прызнаецца, што пераважная большасць вершаў напісана ёю па-руску, хаця доўгі час яна працавала настаўніцай беларускай мовы. Увогуле, прафесійная дзейнасць, па словах Алены Абрамчык, дала ёй шмат патрэбных якасцяў: школа навучыла быць уважлівай, журналістская работа – ладзіць стасункі з людзьмі, музейная – адкрываць цікавыя старонкі гісторыі. У апошнія гады Алена Рыгораўна занялася яшчэ і выяўленчым мастацтвам: “пасябравала” з акварэльнымі фарбамі, цяпер вучыцца маляваць алейнымі. Год таму вырашыла асвоіць гітару і мяркуе, што падбіраць мелодыі да сваіх вершаў у яе някепска атрымліваецца, праўда, у літаратурную гасцёўню інструмент не захапіла, палічыла, што варта яшчэ парэпеціраваць. Расказваючы пра натхненне, Алена Рыгораўна прызналася, што яно – часты госць, нездарма кожны год выходзіць новы яе зборнік. Акрыляе не толькі вясна, верш можа нарадзіцца з некалькіх выпадкова пачутых слоў, пасля любавання кветкай, матыльком, карцінай. Удзельнікам сустрэчы аўтар падарыла некалькі сваіх натхнёна-пранікнёных, багатых на вобразы і фарбы вершаў пра вясну, каханне, законы Сусвету.

– Я не паэт, я – чалавек зямны, пішу пра тое, што сама перажываю, – расказваючы пра натхненне і тэматыку сваіх твораў, зазначыла Раіса Лакіза. Прызналася, што “пуцёўку ў паэзію” ды і ў будучую прафесію ёй “выдаў” бацька, які працаваў фуражырам у калгасе, а вечарамі пры газоўцы чытаў матулі класіку, найчасцей – вершы і прозу Аляксандра Пушкіна. Першым і самым любімым вершам, які маленькая Раіса вывучыла на памяць, быў “Анчар”. Магія літаратурнага слова вяла Раісу Уладзіміраўну па жыцці: паўвека яна адпрацавала на Дзятлаўшчыне настаўніцай рускай мовы і літаратуры, падлічыла, што за гэты час вучыла дзяцей у 10 школах раёна. Раней на ўласную творчасць ёй не хапала часу, а цяпер вершамі спісаны пяць агульных сшыткаў, праўда, друкаваных зборнікаў няма. Аднак гэта не перашкаджае аўтару дзяліцца сваімі пачуццямі і думкамі праз вершаваныя радкі з роднымі, сябрамі, землякамі. Вершы Раісы Уладзіміраўны глыбокія, філасофскія, у іх гучаць злабадзённыя тэмы і адказы паэткі на многія жыццёвыя пытанні. Прыклад таму верш “Вясна ў каранціне”, які прачытала ўдзельнікам літаратурнай гасцёўні аўтар. Яго галоўная думка: “Радости свет – вот твоя вакцина”.

Раіса Лакіза не піша пад заказ, тэмы ёй дыктуе само жыццё, на паперу “выліваюцца душэўныя перажыванні” жанчыны, як у прачытаных ёю вершах “Буслы”, “Бацька”.

Удзельнікі літаратурнай гасцёўні з задавальненнем слухалі вершаваныя творы зямлячак, а напрыканцы зазначылі: “Вершы вашы, а думкі – нашы”. Сапраўды, паэт як люстэрка грамадства, у яго творах – вострыя сацыяльныя праблемы, пачуцці, дыялог з Сусветам, таму мы ніколі не стамляемся слухаць якасную паэзію.

 

Каб на развітанне вытрымаць высокія “Вясновыя ноткі”, загадчыца аддзялення Галіна Касцюк падрыхтавала для Раісы Лакізы, Алены Абрамчык і ўдзельнікаў літаратурнай гасцёўні сімвалічныя падарункі – садовыя першацветы, якія на памяць аб сустрэчы можна пасадзіць дома на клумбе.

Ірына СТЫРНІК