Да Свята працы камунальная служба раёна зрабіла дзятлаўчанам падарунак –у райцэнтры ўрачыста адкрылі першы гандлёва-сэрвісны цэнтр, які размясціўся ў двухпавярховым будынку па вуліцы Міцкевіча (памяшканне былой гасцініцы “Ліпічанка”).
Добры старт новаму прадпрыемству далі прадстаўнікі раённай улады, работнікі камунальнай службы раёна і прыватныя прадпрымальнікі, якія ў хуткім часе зоймуць тут арэндныя памяшканні.
– Сімвалічна, што новы аб’ект мы адкрываем напярэдадні святаў 1 Мая і Дня Перамогі. Лічу вельмі слушным рашэнне перадаць абноўлены будынак у карыстанне прадстаўнікам прыватнага бізнесу, які актыўна развіваецца на Дзятлаўшчыне. Хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву Дзятлаўскага РУП ЖКГ за створаныя новыя гандлёвыя месцы, не толькі камфортныя і сучасныя, але і даступныя па памеры арэнднай платы. А значыць, цэнтр не будзе пуставаць, – адзначыў у час адкрыцця старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Прыемна, што работнікі камунальнай службы раёна паспелі зрабіць такі падарунак дзятлаўчанам і падрыхтаваць горад да святочных мерапрыемстваў.
Была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка – і дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня запрасіў гасцей урачыстасці на экскурсію па новым гандлёва-сэрвісным цэнтры.
Работы тут вяліся на працягу двух гадоў і былі выкананы за кошт уласных сродкаў камунальнага прадпрыемства. На месцы былой гасцініцы “Ліпічанка”, на плошчы больш за 700 квадратных метраў, цяпер размесціцца 15 гандлёвых месцаў, 2 цырульні і салон прыгажосці. Як адзначыў дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня, дамовы практычна на ўсе гандлёвыя месцы ўжо заключаны з мясцовымі прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі розных рэгіёнаў Гродзеншчыны.
Пакуль памяшканні цэнтра яшчэ пустуюць, але ўжо ў хуткім часе прыватныя прадпрымальнікі запросяць да сябе першых наведвальнікаў. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Князеў, імпарцёр брэндавага абутку:
– Мы зоймем гандлёвае месца на другім паверсе цэнтра. Тут утульна, ёсць усе ўмовы для працы, днямі з’явіцца нават стацыянарны Інтэрнэт. Да таго ж, гэта ў самым цэнтры горада, побач з рынкам, што вельмі радуе. Выказваю словы ўдзячнасці адміністрацыі горада і Дзятлаўскаму РУП ЖКГ за падтрымку і стварэнне ўмоваў для прыватнага бізнесу. Ужо сёння завязём сюды сваю прадукцыю – чэшскі і польскі брэндавы абутак, які дапоўніцца асартыментам лідскай абутковай фабрыкі і адзення брэсцкіх вытворцаў. Чакаем сваіх пакупнікоў!
Алена Сквернюк, прадавец выдавецтва “БелБланкаВыд”:
– Я прадстаўляю сетку прадпрыемстваў, якія займаюцца вырабам і распаўсюджаннем бланкаў строгай справаздачнасці, сельскагаспадарчых бланкаў. Акрамя іх, у нас будзе шырокі выбар канцылярскіх прыладаў і тавараў для мастацкай творчасці. Новае гандлёвае месца мне вельмі падабаецца: тут светла, чыста, прасторна. Спадзяюся, што гандаль тут будзе бойкі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga