Ратаўнік – прафесія, у якую немагчыма не ўлюбіцца.
Тыя, хто выбірае яе аднойчы, праходзяць гэты шлях да канца, прысвячаючы сваё жыццё людзям. Для героя нашага аповеду пажарная служба стала добрай магчымасцю не толькі спазнаць сябе, але і развіць уласныя спартыўныя схільнасці.
Аляксандр Ганчар тутэйшы: нарадзіўся і вырас у вёсцы Аханяны на Дзятлаўшчыне, першую прафесію атрымаў таксама ў нашым раёне, у Казлоўшчынскім прафтэхвучылішчы. А вось тэрміновая служба ў войску закінула яго далёка ад роднага дома, на мяжу з Афганістанам. Той год стаў сапраўдным выпрабаваннем загартоўкі характару: першую палову службы давялося несці варту на афганскай мяжы ў спёку, пры 45 градусах цяпла, а другую палову – служыць на поўначы пры мінус 45.
Аляксандр Уладзіміравіч цяпер крыху шкадуе, што пасля дэмабілізацыі не паступаў у інстытут, як тады хацелася. Уладкаваўся спачатку ў сельскую гаспадарку, а пасля – ратаўніком у Новаяльнянскую пажарную часць. Тут працаваў вадзіцелем больш за чвэрць стагоддзя.
– Як цяпер помню першы пажар, на які выязджаў, – расказвае мужчына. – У шэсць гадзін раніцы наш каравул прыбыў у Ахонава, каб тушыць магазін, які зламыснікі абакралі і падпалілі. На вуліцы – моцны мароз і вецер, а мы ўсе маладыя, нявопытныя…
– Ці страшна было?
– Калі пад’язджаеш да месца здарэння, хваляванне прабягае па жылах. А як прыступаеш да тушэння пажару, тады ўжо ацэньваеш сітуацыю спакойна і паслядоўна.
За гады працы Аляксандра Ганчара ў надзвычайнай службе раёна многае змянілася. Калі раней на тушэнне пажару выязджалі чатыры чалавекі, то сёння спраўляюцца з пастаўленай задачай удваіх – пажарная тэхніка стала больш сучаснай і магутнай. Аднак і тады, і цяпер ратаўніку нікуды без сур’ёзнай фізічнай падрыхтоўкі і валявога характару. Праца ратаўніка цікавая, насычаная, заснаваная на даверы і ўзаемнай падтрымцы. Тут працуюць сапраўдныя мужчыны.
За многія гады службы ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Ганчар не пашкадаваў, што стаў ратаўніком. Сяброўства са спортам не губляе дагэтуль, падтрымлівае сябе ў добрай фізічнай форме. Пакідаючы пажарную службу, на заслужаным адпачынку таксама не збіраецца сядзець склаўшы рукі.
– Сілаў хапае, каб папрацаваць яшчэ з дзясятак гадоў, дапамагчы дачцэ ўладкавацца ў жыцці, – кажа ён. – А працы ў нас на Дзятлаўшчыне дастаткова для ўсіх, хто хоча працаваць.
Аляксандр Уладзіміравіч упэўнены, што прафесія ратаўніка з гадамі не страціць сваёй актуальнасці і будзе цікавіць маладых людзей, герояў свайго часу.
Наталля АВЯРЧУК