У Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце актыўна ідзе другі этап масавай вакцынацыі супраць каранавірусу.
Вакцыну атрымліваюць супрацоўнікі ўстановы.
– Якім чынам прайшла вакцынацыя жыхароў інтэрната? Як перанеслі прышчэпкі асаблівыя пацыенты? – пытаюся ў старшай медыцынскай сястры дома-інтэрната Марыны Радкевіч.
– У канцы сакавіка прайшоў першы этап вакцынацыі жыхароў інтэрната. Улічваючы індывідуальныя ўзроставыя асаблівасці, хранічныя захворванні, якія
маюць насельнікі інтэрната, усе перанеслі прышчэпку станоўча. З 214 вакцынаваных толькі ў дваіх назіралася нязначнае павышэнне тэмпературы. За здароўем жыхароў установы кругласутачна сочыць наш медыцынскі персанал.
– Ці прышчапіліся вы самі?
– Так, я і ўсе нашы медыцынскія сёстры атрымалі вакцыну яшчэ ў лютым. Адчувалі сябе нармальна, без павышэння тэмпературы. Калектыў установы таксама разумее, наколькі важна выпрацоўка калектыўнага імунітэту, таму цяпер прадаўжаем вакцынацыю, спецыялісты гарадской паліклінікі ўводзяць нашым супрацоўнікам другі кампанент вакцыны.
– Як рашыліся на прышчэпку?
– З піку пандэміі наша ўстанова працуе ў вахтавым рэжыме. Людзі не бачаць свае сем’і па паўмесяца. Усе стаміліся ад такога рэжыму працы і мараць вярнуцца да звычайнага распарадку. Спадзяюся, што вакцынацыя і выпрацоўка калектыўнага імунітэту дапаможа нам у гэтым.
Штодзень у Казлоўшчынскім інтэрнаце другі кампанент “Спадарожніка V” атрымліваюць каля дваццаці супрацоўнікаў. Працэдуры папярэднічае абавязковы ўрачэбны агляд. Вакцынацыю праводзіць памочнік доктара-тэрапеўта Марына Гародка.
– Мы правялі вакцынацыю жыхароў дома-інтэрната і кругласутачнага аддзялення сумеснага пражывання, а таксама – на ложках сястрынскага догляду. Усяго 245 чалавек. Цяпер прышчапляем работнікаў дома-інтэрната, – адзначыла яна.
– Ці ёсць попыт ад мясцовых жыхароў на вакцынацыю ад каранавірусу?
– Так, людзі тэлефануюць, цікавяцца, запісваюцца ў чаргу. Як толькі правакцынуюцца тыя катэгорыі насельніцтва, каму неабходна гэта зрабіць у першую чаргу, мы пачнём працаваць па заяўках пацыентаў.
Наталля АВЯРЧУК