У Дзятлаве прайшло пасяджэнне IV Пленума Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Удзел у ім прынялі прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый, члены раённай рэвізійнай камісіі, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі БПР адукацыі і навукі Вера Грышэчка, старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус.
На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні аб працы райкама прафсаюза па выкананні Праграмы дзейнасці БПР адукацыі і навукі на 2020-2025 гады, а таксама аб выкананні каштарысу даходаў і расходаў Дзятлаўскай раённай арганізацыі прафсаюза за 2020 год і дадзена інфармацыя аб аналагічнай смеце на 2021 год.
У сваім дакладзе Станіслаў Фабішэўскі, старшыня раённай арганізацыі БПР адукацыі і навукі, адзначыў важную ролю прафсаюзаў у дзейнасці ўстановаў адукацыі, падвёў вынікі праведзенай за мінулы год работы і пазначыў планы на будучае.
У абмеркаванні даклада старшыні пярвічак звярнулі асаблівую ўвагу на актуальныя сёння пытанні аховы працы, матэрыяльнай дапамогі і аздараўлення работнікаў адукацыі, гаварылі аб клопаце пра ветэранаў працы і “замацаванні” маладых спецыялістаў на працоўных месцах, тлумачальнай рабоце ў сувязі з новай сістэмай аплаты працы.
У сваіх выступленнях Валерый Макарчык і Вера Грышэчка падзякавалі выступаючым за заўвагі і выказалі ўпэўненасць, што на ўсе пастаўленыя пытанні абавязкова знойдуцца адказы. Наталля Белаус, у сваю чаргу, ацаніла імкненне мясцовых прафсаюзаў падтрымліваць работнікаў у любых пытаннях:
‒ Існуюць справы, якія мала каштуюць, але дорага цэняцца, і ваша дапамога ‒ адна із іх.
Сустрэча завяршылася інструктыўна-метадычнай нарадай, на якую запрасілі старшыняў пярвічных прафсаюзных арганізацый.
Марыя ПАПОВА