Дабрачынная кампанія Таварыства Чырвонага Крыжа пад такой назвай стартавала на Дзятлаўшчыне ў сакавіку і прадоўжыцца да 31 мая.
Як расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, мерапрыемства скіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі адзінокім пажылым людзям і тым, хто жыве адзінока або знаходзіцца ў сацыяльных і медыцынскіх установах, а таксама людзям старэйшага ўзросту з інваліднасцю.
Валанцёры аб’яднання не толькі віншуюць нашых землякоў, якія адносяцца да названых катэгорый насельніцтва, з каляндарнымі святамі, але і дапамагаюць ім ва ўборцы жылых памяшканняў і прысядзібных тэрыторый. Яшчэ добраахвотнікі плануюць уключыцца ў акцыю “Кветкавы марафон” і высадзіць на клумбы сацыяльных установаў кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей саджанцы кветак.
Галіна Касцюк заклікае пярвічныя арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ўстановаў адукацыі таксама падтрымаць старэйшае пакаленне раёна добрымі справамі і прыняць актыўны ўдзел у кампаніі “Пачні дапамагаць вясной”.
Ірына СТЫРНІК