У межах рэалізацыі праекта “Беларусь запаветная”, які прысвечаны Году народнага адзінства, у Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школы прайшоў фестываль “Беларусь культурная”.
У КТС прынялі ўдзел творчыя калектывы 5-11 класаў. Фестываль – гэта магчымасць паказаць сваю творчасць, праявіць ініцыятыву, цудоўна правесці вольны час сярод добрых і шчырых людзей.
Мая краіна, мая Бацькаўшчына… Наша вечна маладая, заўсёды квітнеючая і такая старажытная беларуская зямля. Вельмі багатая і цікавая беларуская культура. У гэтым змаглі ўпэўніцца навучэнцы ўстановы.
Пры падрыхтоўцы да фестывалю вучні ўзгадалі беларускія прыказкі і прымаўкі. Гэта залаты фонд нашай роднай мовы, тыя адзінкі, якія называюць залацінкамі народнай мудрасці. Яны робяць выказванні беларусаў больш яркімі, каларытнымі, “смачнымі”. Асаблівае месца ў беларускай культуры займае нацыянальная кухня. Удзельнікі фестывалю прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Чароўны чыгунок”. Неабходна было растлумачыць, якая страва хаваецца за назвай. Так прысутныя ўспомнілі нацыянальныя стравы: лядоўня, мачанка, панцак, кулага, пячыста, лёк. Гэты пералік можна прадаўжаць бясконца, таму што кухня беларусаў фарміравалася праз стагоддзі.
Беларускую культуру складаюць і народныя святы, якія мы, беларусы, вельмі любім і паважаем, бо яны засталіся нам у спадчыну ад нашых продкаў. Тут навучэнцы паспыталі свае сілы, удзельнічаючы ў віктарыне “У свеце народных традыцый”. Яны падрыхтавалі тэатральныя нумары, героямі якіх сталі простыя вясковыя людзі. Праз гады не патухне для нас агеньчык роднай вёскі і бацькоўскай хаты.
На фестывалі “Беларусь культурная” была прадстаўлена выстава кніг “Традыцыйная культура беларускага народа”. На ёй прэзентавалася экспазіцыя “Лісты да Цёткі з ХХІ стагоддзя”, прысвечаная 145-й гадавіне з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры, беларускай паэтэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч); палічка “Майстэрства Кандрата Крапівы”, прысвечаная 125-гадавіне з дня нараджэння беларускага паэта, драматурга. Творы беларускіх класікаў-юбіляраў гучалі са школьнай сцэны, цёпла прымаліся гледачамі, і дружныя апладысменты грэлі душу маладых акцёраў і чытачоў.
Фестываль “Беларусь культурная” садзейнічаў асэнсаванню маладым пакаленнем значэння беларускай культуры, якая перадаецца праз родную мову, народныя традыцыі, мастацтва. Хочацца пажадаць моладзі: любіце сваю краіну, ганарыцеся яе культурай, сваім родным куточкам зямлі, малой радзімай, праслаўляйце яе сваімі поспехамі.
Таццяна ЖЫНКО,
настаўніца Хвінявіцкага дзіцячага-сада сярэдняй школы