Прэзентацыя літаратурнага альманаха “Ятранка” адбылася ў Дзятлаўскім раённым краязнаўчым музеі.
На мерапрыемства запрасілі аўтараў: дзятлаўскіх паэтаў, краязнаўцаў, празаікаў, якія прымалі ўдзел у стварэнні кнігі, а таксама адзінаццацікласнікаў гімназіі №1 г.Дзятлава, якія зараз вывучаюць курс “Сучасная беларуская літаратура”.
У ходзе сустрэчы літаратары Міхаіл Лук’янчык, Алена Абрамчык, Ірына Касянкова, Раіса Лакіза, Леанарда Юргілевіч і іншыя зачыталі ўрыўкі са сваіх твораў, падзяліліся творчымі планамі і расказалі, што натхняла іх у працэсе працы над альманахам.
Кранальным стаў момант, калі паэтка Вера Хрышчановіч прачытала аўтабіяграфічны верш, у якім падзялілася гісторыяй свайго жыцця: успамінамі пра бацькоў, юнацтва, працу , творчасць і тое, як “знайшла свой жыццёвы бераг каля Гезгал”.
Напрыканцы сустрэчы ансамбль народнай песні і музыкі “Ятранка” зрабіў гасцям музычны падарунак. Усе аўтары атрымалі экзэмпляр альманаха ў падарунак, а прысутныя змаглі набыць яго за невялікія грошы, якія пойдуць на стварэнне помніка Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве, а таксама паставіць аўтографы прысутных літаратараў і сфатаграфавацца на памяць.
Па словах аўтараў, выданне “Ятранкі” – гэта добры дапаможнік культасветработнікам, настаўнікам, вучням і ўсім тым, хто цікавіцца літаратурай і гісторыяй роднага краю. Акрамя вышэй згаданых аўтараў, у альманах увайшлі творы Вячаслава Адамчыка, Яўгена Мацвеева, Міколы Грышана, Лідзіі Нічыпар і многіх іншых талентаў Дзятлаўшчыны.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup