Звароты грамадзян, занятасць, падрыхтоўка да сяўбы

Важнае Улада

26 сакавіка прайшло планавае пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзіміра Сіняка.

На парадак дня былі вынесены пытанні: “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў, якія паступілі ў раённы выканаўчы камітэт у 2020 годзе, і выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта  Рэспублікі  Беларусь ад 27 снежня 2006 года № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”; “Аб рабоце сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўскага раёна па падрыхтоўцы да правядзення вясенне-палявых работ”; “Аб ходзе выканання ў 2020 годзе на Дзятлаўшчыне мерапрыемстваў падпраграмаў “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” і “Ахова працы” Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады”.

Намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў Марына Панкевіч адзначыла, што звароты людзей – гэта індыкатар, які дазваляе вызначыць праблемы, што патрабуюць асаблівай увагі пры забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва. Установамі і арганізацыямі раёна вядзецца мэтанакіраваная, планамерная работа па вырашэнні праблемных пытанняў. У 2020 годзе ў вышэйстаячыя органы ад жыхароў Дзятлаўшчыны паступіла меншая колькасць зваротаў, чым годам раней (-9). Найчасцей людзей цікавілі пытанні работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паляпшэння жыллёвых умоваў, добраўпарадкавання, працаўладкавання. Большасць зваротаў у райвыканкам былі вуснымі, што сведчыць аб эфектыўнасці правядзення асабістых прыёмаў раённым кіраўніцтвам. Таксама ў 2020 годзе ў райвыканкаме было праведзена 52 прамыя тэлефонныя лініі, на якія паступіла 60 званкоў. Інфармацыя аб рабоце са зваротамі грамадзян друкавалася ў раённых сродках масавай інфармацыі. Некаторыя пытанні пакуль застаюцца на кантролі, вызначаны тэрмін іх вырашэння. Па матэрыяльна затратных аб’ектах заяўнікоў інфармуюць, на якой стадыі выканання знаходзіцца іх пытанне.

Служба “Адно акно” райвыканкама аказвае кансультацыйныя паслугі і выдачу рашэнняў аб адміністрацыйных працэдурах, тут працуюць 4 спецыялісты.

Летась праводзіўся маніторынг работы арганізацый раёна са зваротамі грамадзян. Шэраг парушэнняў звязаны з неактуальнасцю інфармацыі і несвоечасовым папаўненнем сайтаў. Плануецца правесці раённы семінар-вучобу са спецыялістамі, якія працуюць са зваротамі грамадзян і сайтамі ўстановаў.

Кіраўнік раёна, рахункуючы вынікі даклада Марыны Лявонаўны, падкрэсліў, што большасць праблем жыхароў вырашаецца і павінна вырашацца на мясцовым узроўні.

Кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч расказаў, як на Дзятлаўшчыне ідзе пераход на электронны дакументаабарот, якім ужо карыстаюцца 87 % арганізацый раённай формы уласнасці. Сёлета гэта работа будзе прадоўжана.

Аб тым, як на Дзятлаўшчыне ідзе падрыхтоўка да вясенне-палявых работ, расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка. Ужо вызначана структура пасяўных плошчаў пад яравыя культуры з улікам даведзеных планавых паказчыкаў. Плануецца атрымаць 62,9 тысяч тон зерня, 40 тысяч тон цукровых буракоў, 6,5 тысяч тон бульбы, пашырыць плошчы пад кармавыя культуры. Перад аграрыямі стаіць задача павысіць ураджайнасць па асноўных відах культур. Цяпер вырашаюцца пытанні па забеспячэнні гаспадарак палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі, хімічнымі рэчывамі, ажыццяўляецца вываз арганічных угнаенняў на палеткі, ідзе падрыхтоўка насення, закуп “эліты”. Вырашана, што насенне цукровых буракоў пад будучы ўраджай будзе выдзелена Скідальскім цукровым камбінатам, лёну – Дварэцкім ільнозаводам. Завяршаецца падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі.

Шмат увагі напярэдадні работ надаецца пытанням аховы працы, праводзяцца вучэбныя заняткі з работнікамі. Актыўна ў гаспадарках ідзе падрыхтоўка сталовых для забеспячэння гарачым харчаваннем механізатараў, якія будуць працаваць на палетках, амаль усе аб’екты гатовы, некаторыя КСУПы заключылі дагавор на пастаўку харчавання.

Праводзіцца агляд азімых культур, выяўлены зоны іх паражэння, будзе арганізаваны падсеў.

Андрэй Садоўскі пацікавіўся, ці ёсць для гэтага рэзервы насення, парэкамендаваў больш увагі скіраваць на закуп “эліты”, прасачыць, каб гаспадаркі ў час веснавых работ не выкарыстоўвалі некандыцыйнае насенне, а таксама – трымаць на кантролі падрыхтоўку кормаўборачнай тэхнікі і пашыраць плошчы пад высокапрадукцыйныя травы.

З дакладам па трэцім пытанні выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель. Яна зазначыла, што ўзровень беспрацоўя ў раёне зніжаны з 0,3 % да 0,2 %. У раённым банку – больш за чатыры сотні вакансій, самыя запатрабаваныя ў наймальнікаў – прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў і вузкія спецыялісты. Летась не выкананы адзін паказчык падпраграмы занятасці – “перанавучанне на іншыя спецыяльнасці”. Тлумачыцца гэта тым, што людзі імкнуліся хутчэй знайсці работу. Што тычыцца падпраграмы “Ахова працы”, то ў раёне адзначаецца зніжэнне з 5 да 2 выпадкаў траўмавання на вытворчасці.

Кіраўнік раёна пацікавіўся работай раённай мабільнай групы па пытаннях аховы працы і парэкамендаваў сёлета актывізаваць яе дзейнасць. Звяртаючыся да наймальнікаў раёна, Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што яны не павінны дапускаць выпадкаў ігнаравання работнікамі планавых медаглядаў.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне дэпутатам Уладзімірам Сіняком Ганаровай граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дырэктару Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктару Адамчыку.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga