Землякі. Алена Даргевіч: “З песняй я пабачыла свет”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны.

На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пабывалі ў вёсцы Засецце ў гасцях у мясцовай доўгажыхаркі Алены Даргевіч, якая ў сёлетнім сакавіку сустрэла сваю 91 вясну.

Алена Міхайлаўна – карэнная жыхарка Засеццяў: тут яна нарадзілася, перажыла Вялікую Айчынную вайну, працавала і гадавала дзяцей. Гасцям – Ганне Харлінскай, Ірыне Бакшук, Чэславу Свібу, якія прыехалі да імянінніцы з песенным віншаваннем, яна з задавальненнем расказала свой асабісты сакрэт даўгалецця.

Усяго тры класы

На свет Алена Міхайлаўна (у дзявоцтве Лаўрукевіч) з’явілася ў першы дзень вясны 1930 года. Яна была трэцім дзіцём у сялянскай сям’і. Калі крыху падрасла, дапамагала бацькам па гаспадарцы, затым пайшла ў мясцовую польскую школу. Скончыла ўсяго тры класы, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая не толькі “перакрэсліла” далейшую вучобу дзяўчынкі, але і пазбавіла яе блізкіх людзей. У 1940 годзе ў армію быў прызваны брат Андрэй. З войска ён так і не вярнуўся: склаў галаву на дарогах вайны. На работы ў Германію маладзенькай дзяўчынай немцы вывезлі старэйшую на сем год сястру Анастасію, якая пасля фашысцкага палону вярнулася на Радзіму хворай і хутка памерла.

У самой Алены Даргевіч вайна пакінула трывожныя ўспаміны. Родны хутар стаяў пры дарозе на Погіры. Паблізу быў лясок, адкуль пагрэцца і падсілкавацца ў гумно да Лаўрукевічаў прыходзілі партызаны, а па шашы вельмі часта ездзілі немцы і паліцаі. Нярэдка яны ладзілі аблавы на хутары, відаць, здагадваліся, якіх гасцей тут сустракаюць. На шчасце, ворагі ні разу не знайшлі партызан. Аднойчы ў час такога вобыску байцам партызанскага атрада давялося хавацца ў жыце. Яшчэ адзін успамін у бабулі Алены застаўся пра параненага, імя якога яна ўжо, на жаль, не памятае. З матуляй яны хавалі яго ў сене.

І з працай, і з песняй

Калі скончылася вайна, вяскоўцы Заходняй Беларусі пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы. З’явіўся свой калгас і ў Засеццях. Алена пайшла працаваць туды паляводам. І сёння ў сямейным альбоме Даргевічаў захоўваецца фотаздымак, на якім маладзенькія дзяўчаты-калгасніцы стаяць і сядзяць сярод снапкоў лёну, ёсць сярод іх і Алена Міхайлаўна.

У адзін з такіх працоўных дзён на поле прыехаў старшыня, расказаў, што ў гаспадарцы не хапае даярак, папрасіў сем дзяўчат перайсці на кароўнік. Алена паслухалася кіраўніка, пайшла ў даяркі, адпрацавала 21 год. У рабоце была стараннай, за што неаднойчы чула падзякі, захаваліся ў бабулі і працоўныя ўзнагароды. У 1970 годзе ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Алена Даргевіч была ўзнагароджана юбілейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”, а ў 1986-м – медалём “Ветэран працы”.

Яркімі ўспамінамі сярод калгасных будняў былі моладзевыя сустрэчы і песенныя баталіі. Моладзь збіралася кампаніямі хадзіла па вёсцы з гармонікамі. Калі яны сустракаліся, пачыналіся спаборніцтвы, хто каго пераспявае. Захапленне маладых людзей не засталося па-за ўвагай: ім прапанавалі пры засецкім клубе арганізаваць народны фальклорны гурт, якім кіравала Валянціна Емяльянчык.

– З песняй я пабачыла свет, – прызнаецца Алена Міхайлаўна. – Дзе мы толькі не пабывалі. Выступалі ў Мінску, Лідзе, Навагрудку, Слоніме, і паўсюль нас сустракалі шчыра і цёпла. Песня стала добрым спадарожнікам на многія гады, з ёю было лягчэй жыць і працаваць. Я ўпэўнена, што менавіта гэта захапленне дапамагло мне прайсці праз жыццёвыя выпрабаванні і захаваць бадзёрасць духу. Хочаце жыць даўжэй – спявайце часцей і ад душы.

Тое, што сэрцу міла

Гісторыя сямейнага шчасця ў Алены Міхайлаўны простая і зразумелая. Як на той час было заведзена, з мужам Іосіфам Іосіфавічам, таксама засецкім хлопцам, які жыў па суседстве, іх злучылі бацькі. Разам сямейная пара Даргевічаў выгадавала дачку Валянціну, якая вывучылася на кандытара, выйшла замуж і падарыла тату і матулі дзвюх унучак і ўнука. І калі дзяўчаты “разляцеліся па свеце” (адна жыве ў Мінску, а другая – аж у Іркуцкай вобласці), то ўнук Дзмітрый застаўся на Дзятлаўшчыне, побач з роднымі. У іх сем’ях падрастаюць трое праўнукаў.

Даўно, амаль пятнаццаць гадоў таму, не стала мужа Алены Міхайлаўны, Іосіфа Іосіфавіча. Але бабулю Гэлю (так цёпла яе называюць дома) стараюцца не пакідаць адну, а яна гасцям заўсёды рада. Так было і ў час сустрэчы з артыстамі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва. Спачатку гаспадыня проста апладзіравала артыстам, а потым не ўтрымалася – і сама станцавала з імі. На развітанне доўгажыхарка таксама падарыла гасцям сваю любімую песню і некалькі вясёлых прыпевак. Цяжка было не заўважыць: калі бабуля Алена спявае, вочы ў яе маладзеюць, у іх скачуць гарэзлівыя агеньчыкі. Сапраўды, песня – выдатны “рэцэпт” ад старасці.

Ірына КАЎКЕЛЬ