У нядаўнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ўдзел прымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.
У час рабочай паездкі на Дзятлаўшчыну Уладзіміру Аляксандравічу выпала прыемная місія – уручыць высокую дзяржаўную ўзнагароду свайму земляку, дырэктару камунальнага ўнітарнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Дзятлаўскае ПМС” Віктару Адамчыку.
– Віктар Уладзіміравіч Адамчык – ураджэнец Дзятлаўшчыны. Працоўную дзейнасць ён таксама пачынаў на малой радзіме: 17 гадоў адпрацаваў у сельгаспрадпрыемстве “Войневічы”, ужо 12 гадоў з’яўляецца дырэктарам Дзятлаўскага ПМС – зазначыў дэпутат. – Дзякуючы Віктару Адамчыку, як вопытнаму кіраўніку, які прымае правільныя, эканамічна-правераныя рашэнні, яго калектыў штогод выконвае ўвесь пакет даведзеных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў. Не стаў выключэннем 2020 год: Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм спрацавала паспяхова: атрымала 275 тысяч рублёў чыстага прыбытку, выканаўчы аб’ём падрадных работ больш чым на чатыры мільёны рублёў.
Акрамя профільных работ, калектыў Віктара Уладзіміравіча аказвае дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам Дзятлаўскага і некаторых іншых раёнаў вобласці ў правядзенні восеньскай і вясновай пасяўных кампаній, нарыхтоўцы кармоў, уборцы ўраджаю і нават дапрацоўцы збожжа.
Не магу не адзначыць і тое, што Віктар Уладзіміравіч Адамчык не толькі валодае высокімі прафесійнымі якасцямі, але яшчэ і займае актыўную грамадзянскую пазіцыю: з’яўляецца дэпутатам Дзятлаўскага раённага і Казлоўшчынскага сельскага Саветаў дэпутатаў, уважліва адносіцца да выбаршчыкаў.
Калі ў сталіцы разглядалася пытанне аб узнагароджанні Віктара Уладзіміравіча па хадайніцтве Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аднагалосна прагаласавалі за ўручэнне яму самай высокай узнагароды Парламента Рэспублікі Беларусь, падпісанай двума спікерамі – Наталляй Качанавай і Уладзімірам Андрэйчанкам. Гэта Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь “за вялікі ўклад у рэалізацыю эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь” і адпаведны нагрудны знак.
З пажаданнямі Віктару Адамчыку і яго калектыву моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у рабоце на карысць краіны Уладзімір Сіняк уручыў нашаму земляку заслужаную ўзнагароду.
Ірына СТЫРНІК