Прайшлі дзесяцігоддзі з тых часоў, як адгрымелі апошнія выбухі Вялікай Айчыннай вайны, але ў памяці людзей застануцца назаўжды подзвігі, боль страты, горыч пакут нашых суайчыннікаў.
22 сакавіка ў Дзень памяці ахвяраў хатынскай трагедыі, у Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе прайшло мерапрыемства “Памяць скрозь гады”. У калектыўнай творчай справе прынялі ўдзел акцябраты, піянеры і члены БРСМ.
Актывісты БРСМ арганізавалі майстэрню, у якой удалося рэалізаваць пяць міні-праектаў: “Лёсы спаленых вёсак”, “Нішто не забыта”, “Памятаць, каб берагчы”, “Нам не дадзена забыцца”, “#Ведаць#Берагчы#Шанаваць”.
Падчас мерапрыемства навучэнцы зрабілі экскурс-прэзентацыю сямі мемарыялаў, якія ўстаноўлены на месцах спаленых беларускіх вёсак. Таксама навучэнцы наведалі віртуальную экспазіцыю Дзятлаўскага краязнаўчага музея “Трагедыя спаленых вёсак” і даведаліся пра лёс вёсак Дзятлаўшчыны, якія былі знішчаны падчас карнікавых аперацый у гады Вялікай Айчыннай вайны. У бібліятэцы навучэнцы пазнаёміліся з выставай кніг “Пра тых, хто змагаўся і перамог”. Не абмінулі трагічныя падзеі вайны і нашу малую радзіму. Члены Савета музея паведамілі наведвальнікам пра трагедыю вёскі Дубраўка. У праекце “#Ведаць#Берагчы#Шанаваць” навучэнцы абагульнілі свае веды пра спаленыя вёскі Беларусі, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, адказваючы на пытанні віктарыны “Гэта павінен ведаць кожны!”
Пачаткоўцы сумесна з класнымі кіраўнікамі ў выніку дзейнасці майстэрні стварылі інфармацыйнае люстэрка “Памяць сэрца”.
Завяршылася праца праектнай майстэрні “Памяць праз гады” хвілінай маўчання.
Таццяна ЖЫНКО,
настаўніца Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы