Галоўныя напрамкі работы акрэслены на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама: узняты тэмы бяспекі жыццядзейнасці, падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ, будаўніцтва і добраўпарадкавання, аховы здароўя і вакцынацыі, выхавання і прафарыентацыі, іншыя.
Бяспека – справа кожнага
Як паведамілі праваахоўнікі, на мінулым тыдні зарэгістраваны новы крадзеж грашовых сродкаў з банкаўскай карткі, узбуджаны крымінальныя справы за пагрозу забойствам, парушэнне палавой недатыкальнасці непаўналетніх, крадзеж электраабсталявання. Прадоўжана работа па праверцы спраўнасці і па ўстаноўцы сістэмаў відэаназірання на мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемстваў і гандлёвых аб’ектах раёна.
Ратаўнікі паведамілі, што на мінулым тыдні адбыўся пажар у Таркачах з гібеллю двух чалавек, матэрыялы для высвятлення прычыны здарэння накіраваны на экспертызу. У выхадныя дні ў Жукоўшчынскім і Казлоўшчынскім сельсаветах працавалі аглядавыя камісіі. На днях у раёне будзе працаваць абласная рабочая група па пытаннях прафілактыкі пажараў і надзвычайных здарэнняў.
Тэхніка выйдзе на палі
На мінулым тыдні надвор’е “падкінула” сюрпрыз у выглядзе пахаладання і снегу. Работы на палетках былі спынены, але прадоўжылася падрыхтоўка тэхнікі, праходжанне тэхаглядаў, ішла праверка забяспечанасці гаспадарак угнаеннямі і элітным насеннем. Чакаецца, што напрыканцы гэтага тыдня тэмпература пачне расці. Пры першай магчымасці будзе адноўлена ўнясенне калійных угнаенняў і падрыхтоўка глебы. Сяўба сёлета пачнецца крыху пазней з-за больш халоднага надвор’я.
Школьнікі адпачнуць і сустрэнуць гасцей
Набліжаюцца вясновыя канікулы. Плануецца, што ў час іх будуць працаваць школьныя лагеры, дзе адпачнуць і пройдуць аздараўленне 180 навучэнцаў раёна.
На мінулым тыдні ў рамках работы па прафесійнай арыентацыі для старшакласнікаў райцэнтра ладзілася экскурсія ў Дзятлаўскі лясгас, дзе яны даведаліся аб прафесіях, якія запатрабаваны ў лесагаспадарчай прамысловасці. Падобныя экскурсіі плануецца правесці і з наведваннем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Мемарыяльны комплекс Хатынь у суботу наведалі 22 навучэнцы нашага раёна, таксама яны пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Арганізавана яшчэ адна экскурсія для 11 валанцёраў установаў адукацыі раёна.
31 сакавіка на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры запланавана пасяджэнне абласнога моладзевага парламента. Таксама чакаецца, што 1-2 красавіка Дзятлаўшчыну наведаюць і сустрэнуцца са школьнікамі ўдзельнікі рэспубліканскага патрыятычна-спартыўнага праекта “За моцную Беларусь!”.
Барацьба з інфекцыяй прадаўжаецца
У раёне прадаўжаецца вакцынацыя насельніцтва ад каранавіруснай інфекцыі, пераважна расійскай вакцынай “Спутник V”, паступіў і кітайскі прэпарат. Ужо прышчэплены дзясяткі медыкаў, вакцынуюць педагогаў, у планах – прышчапіць жыхароў, старэйшых за 60 гадоў, работнікаў гандлю, культуры, іншыя катэгорыі – у цэлым да 60 % насельніцтва раёна.
Эпідэміёлагамі правераны на выкананне патрабаванняў па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй 13 аб’ектаў раёна, на ўсіх былі знойдзены парушэнні. За паўторныя хібы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 4 асобы.
Памятаць подзвігі продкаў
Шмат увагі ў раёне надаецца патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Ахоп музейнай дзейнасцю ва ўстановах адукацыі складае 160 %. Летась школьнымі музеямі быў рэалізаваны раённы праект “Музей будучыні”. Плануецца, што сёлета будзе рэалізаваны яшчэ адзін, ужо трэці з ліку раённых музейных праектаў.
Ірына СТЫРНІК