Кампетэнтны субяседнік. Што хвалюе людзей?

Грамадства Свежыя навіны

У рабоце са зваротамі грамадзян Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт актыўна выкарыстоўвае такі фармат, як асабістыя прыёмы заяўнікоў кіраўніцтвам.

З якімі пытаннямі жыхары раёна ў студзені-лютым звярталіся да старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, расказала намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч.

– За 2 месяцы 2021 года ў час асабістых прыёмаў старшыні райвыканкама паступіла 16 зваротаў па розных пытаннях.

Сымым актуальным і частым сярод іх было – паляпшэнне жыллёвых умоваў. Заяўнікам патлумачылі спосабы і магчымасці гэта зрабіць: камусьці шляхам прадастаўлення арэнднага жылля ў вызначаным заканадаўствам парадку, некаторым – жылля сацыяльнага карыстання, іншым расказалі аб магчымасці выкарыстання субсідыі паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2017 № 240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”. Ва ўсіх выпадках заяўнікі атрымалі поўныя і дакладныя адказы.

Звярталіся нашы землякі і па садзейнічанне ў працаўладкаванні. Ім расказалі аб вакансіях і перспектывах у тых працоўных сферах, дзе яны маюць адпаведную кваліфікацыю, адукацыю, падрыхтоўку.

Паступалі пытанні аб рабоце аўтамагазіна. Сітуацыя разгледжана сумесна з Дзятлаўскім філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Недахопы ўхілены – людзі атрымалі адказ.

Цікавіліся грамадзяне рамонтам пустуючага памяшкання ў шматкватэрным доме, які раней належаў аднаму з КСУПаў раёна. Цяпер жылое памяшканне перададзена на баланс і абслугоўванне Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Будзе выраблена адпаведная дакументацыя і зроблены рамонт. Затым памяшканне прапануюць грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

Два чалавекі звярнуліся да старшыні райвыканкама з пытаннямі аб аплаце жыллёва-камунальных паслугаў. Па зваротах будзе праведзена праверка прыбораў індывідуальнага ўліку вода- і газазабеспячэння. Пры іх няспраўнасці заяўнікам патлумачаць парадак замены. Варта ведаць, што і ва ўласных жылых памяшканнях, і ў жылых памяшканнях дзяржаўнага жылога фонду такія прыборы мяняюцца за кошт спажыўцоў.

Аднаго з заяўнікоў цікавіла работа раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Яму расказалі, якія мерапрыемствы праводзяцца для гэтай катэгорыі людзей, якое грамадскае жыццё яны вядуць.

Матулю з Дзятлава, дзіця якой наведвае цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, хвалявала пытанне падвозу дзяцей-інвалідаў. Ужо на прыёме быў вызначаны час падвозу, які задаволіў заяўніцу. Таксама жанчына прапанавала разгледзець магчымасць уключэння ў штат работнікаў карэкцыйнага цэнтра масажыста і інструктара ЛФК для аказання хворым дзецям кваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў іх рэабілітацыі і развіцці. Пытанне ўзята на кантроль старшыні, магчымасці будуць вывучаны.

Таксама ўзята на кантроль і будзе вывучана пытанне аб дзейнасці медыцынскай установы раёна, якое хвалявала яшчэ аднаго заяўніка. Пры неабходнасці будуць прымацца адпаведныя меры.

Хуліганскія паводзіны невядомых асобаў сталі прычынай звароту жыхара райцэнтра. Яго паведамленне будзе даведзена да праваахоўных органаў. Калі інфармацыя пацвердзіцца – яны прымуць законныя меры рэагавання.

Жыхарам раёна варта ведаць, што прыёмныя дні ў старшыні – другая і чацвёртая серады месяца з 8 да 13 гадзін, папярэдне запісацца на прыём трэба па нумары 6-12-51.

Ірына СТЫРНІК