Кампенсаваў шкоду і заплаціў штраф

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У сярэдзіне лютага многія жыхары Дзятлава сталі відавочцамі сумнай карціны: у чарговы раз на вуліцы Кірава ад магазіна “Сударыня” да паварота на Кастрычніцкую была зламана бетонная агароджа.

Шчыра кажучы, гэты ўчастак агароджы сапраўды можна назваць “шматпакутным”. Знаходзіцца ён на адной з цэнтральных вуліц, а таму нярэдка становіцца аб’ектам здзекаў хуліганаў.

Як было на гэты раз? Праблему камунальныя службы раёна выявілі раніцай 14 лютага. Даволі хутка за сродкі РУП ЖКГ усе чатыры разбітыя секцыі агароджы былі адноўлены. Справа заставалася за галоўным: знайсці вінаватага ў пагроме, каб ён адказаў за свае дзеянні перад законам. Пошукамі адразу ж занялася міліцыя.

Старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Пацыновіч паведаміў, што асобу мужчыны, які ламаў агароджу, праваахоўнікі ўстанавілі, дзякуючы запісам камер відэаназірання. Вінаватым аказаўся жыхар раёна, які раней не трапляў у поле зроку міліцыі. Як ні дзіўна, мужчына не мае шкодных звычак, працуе і добра характарызуецца ў наймальніка. На супрацьпраўны ўчынак нашага земляка падштурхнула алкагольнае ап’яненне. Напярэдадні ён выпіваў з сябрамі і “хапіў лішку”. Аднак кампанія не паклапацілася пра “дастаўку” сябра да месца жыхарства.

А чацвёртай гадзіне раніцы небарака аказаўся на вуліцы Кірава райцэнтра. Пад уздзеяннем алкаголю не змог зразумець, куды трэба ісці далей. Сваю злосць п’яны мужчына вырашыў спагнаць на агароджы. У выніку былі разбіты чатыры яе верхнія секцыі на агульную суму больш за 72 рублі.

Калі вінаватага адшукала міліцыя, ён прызнаўся, што кепска памятае падзеі таго злашчаснага дня. Мужчына адразу ж кампенсаваў шкоду, аднак гэта не пазбавіла яго ад адміністрацыйнай адказнасці: за п’яныя прыгоды ён пакараны штрафам у дзве базавыя велічыні.

Як бачым, алкаголь – кепскі сябар, які нават законапаслухмянага чалавека можа зрабіць хуліганам.

Ірына СТЫРНІК