Добры старт! У “АграМілк” пачалі яравую сяўбу (+відэа)

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

30 сакавіка сельскагаспадарчы філіял “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” адным з першых на Дзятлаўшчыне прыступіў да яравой сяўбы.

Старт пасяўной кампаніі быў дадзены ва ўрочышчы Бярозка, дзе сельгасфіліял арандуе ў КСУП “Вензавец” клін зямлі ў 54 гектары, другое арэнднае поле такога ж памеру знаходзіцца паблізу, на ім таксама пачалі сеяць ярыну.

На палетках са спецыялістамі “АграМілк” сустрэліся дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык, старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, яго першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Шулейка.

Кіраўнік раёна павіншаваў усіх з першай пасяўной кампаніяй на Дзятлаўшчыне. Ён падкрэсліў, што ў сельгасфіліяле сёлетняй сяўбе папярэднічала вельмі сур’ёзная работа.

– Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня аграмілкаўцы першымі прыступілі да веснавой падкормкі траваў, зааралі больш за 400 гектараў раллі, – удакладніў Андрэй Уладзіміравіч. – Я ўпэўнены, што пры такой арганізаванасці і зладжанасці мясцовым работнікам нішто не перашкодзіць, акрамя капрызаў надвор’я. Жадаю, каб і яно паспрыяла, і ўсе клопаты на зямлі былі шчодра ўзнагароджаны будучым ураджаем.

За старанні кіраўніцтву сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” падзякаваў дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык.

– Я знаходжуся за 160 кіламетраў адсюль, – зазначыў ён. – Аднак плённае супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Дзятлаўскага райвыканкама, са спецыялістамі гаспадаркі дапамагае ўпэўнена глядзець у будучыню. Калі ёсць паразуменне – ёсць і поспехі ў рабоце. Упэўнены, што спецыялісты нашага сельскагаспадарчага філіяла будуць працаваць на высокі вынік, гэтага чакае і галаўная кампанія “Беларуснафта”, якая сама займае лідарскія пазіцыі ў рэспубліцы.

Андрэй Садоўскі адзначыў, што пасяўная кампанія-2021 нестандартная для нашага раёна: у апошнія гады гаспадаркі Дзятлаўшчыны пачыналі сяўбу на 10-15 дзён раней, чым у гэтым годзе. Сёлета ж раён адстае ад планавых лічбаў, аднак пастаўлена задача да 20 красавіка пасеяць 6 719 гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур і 1 161 гектар лёну, да 25 красавіка – 750 гектараў цукровых буракоў. Яшчэ на палетках Дзятлаўшчыны будзе пасаджана 200 гектараў бульбы і  20 гектараў агародніны. Кукурузу на зерне плануюць пасеяць на 1 300 гектарах, на зялёныя кармы – на 4 973 гектарах. Аднагадовыя травы будуць пасеяны на 2 575 гектарах, прамежкавыя – на 1 274 гектарах. Кіраўнік раёна выказаў спадзяванне, што дзятлаўскія аграрыі паспяхова справяцца з даведзенымі заданнямі, нягледзячы на капрызы надвор’я і познюю вясну.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ