Жывая памяць

Грамадства

Напярэдадні Дня Абаронца Айчыны ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе праходзіць дэкада “Непераможная і легендарная”.

З гэтай нагоды прайшоў музейны ўрок “Жывая памяць”, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэты Дзень памяці займае асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны, таму што нашы суайчыннікі і землякі сталі ўдзельнікамі тых падзей.

Навучэнцы 8-9 класаў віталі гасцей – П.А. Бараноўскага , прадстаўніка Дзятлаўскага ваенкамата, і А.Я. Марука , аднавяскоўца, удзельніка Афганскай вайны. На музейным уроку ўзгадваліся ваенна-патрыятычныя каштоўнасці, гаварылася аб любві і павазе да Айчыны.

У час мерапрыемства навучэнцы пашырылі свае веды аб далёкай краіне Афганістан. Была арганізавана прэзентацыя экспазіцыі музея “Воіны-інтэрнацыяналісты”, падчас якой вучні ўбачылі цікавыя экспанаты, даведаліся пра гераічную службу землякоў.

Бібліятэкар установы адукацыі А.І. Сіўко азнаёміла прысутных з віртуальнай выставай кніг “Дарогамі той вайны Афганістан”. Аматары літаратуры падрыхтавалі літмантаж кнігі Алены Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”. На музейным уроку стала магчымым, дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям, наведванне “Вострава мужнасці і жалю” ў горадзе Мінску.

Змятоўным было выступленне П.А. Бараноўскага , які расказаў навучэнцам аб ваенных прафесіях, установах, дзе можна прадоўжыць навучанне пасля заканчэння школы. Павел Аляксандравіч звярнуў увагу на якасці чалавека, якімі неабходна валодаць ваеннаслужачым.

Мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у Афганскай вайне. Запаленая свечка – сімвал памяці. Як гарыць агеньчык свечкі, так і памяць пра тыя падзеі, няхай заўсёды жывуць у нашых сэрцах. Пакуль мы помнім воінаў-інтэрнацыяналістаў, ушаноўваем іх памяць, наведваем магілы і помнікі, не ачарсцвеюць нашы душы. Будзе жывая памяць.

Вечная памяць загінуўшым! Нізкі паклон жывым!

Таццяна ЖЫНКО,
настаўніца Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы