Якія школы раёна атрымалі камп’ютарныя класы?

Галоўнае Грамадства

У стагоддзе высокіх тэхналогій нельга адставаць ад прагрэсу, асабліва пры навучанні падрастаючага пакалення, таму на Дзятлаўшчыне вялікая ўвага надаецца лічбавізацыі навучальнага працэсу.

Як расказала кіраўнік структурнага падраздзялення райвыканкама – начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус, у рамках рэалізацыі рэспубліканскай праграмы Міністэрства адукацыі па тэхнічным аснашчэнні навучальных установаў сёлета ў раён былі пастаўлены 22 камп’ютары маркі BVK на суму 31 109,76 рубля. Камп’ютарныя класы ў камплектацыі 10 вучнёўскіх і адзін настаўніцкі камп’ютары атрымалі сярэднія школы № 3 горада Дзятлава і Гезгалаўская.

Акрамя таго, у апошнія тры гады за сродкі рэспубліканскага бюджэту набыта 15 інтэрактыўных сэнсарных сістэм (мультыбордаў) і 10 інтэрактыўных дошак.

Шмат увагі забеспячэнню школ тэхнікай надае раённы выканаўчы камітэт. За кошт мясцовага бюджэту былі закуплены 3 камп’ютарныя класы на базе персанальных кап’ютараў і адзін – на базе ноўтбукаў, 2 інтэрактыўныя сэнсарныя сістэмы, 5 інтэрактыўных дошак на агульную суму 60 000 рублёў. Ажыццяўлялася закупка перыферыйнага і праекцыйнага абсталявання, асобных камп’ютараў у вучэбныя кабінеты для арганізацыі рабочых месцаў педагогаў і навучэнцаў.

Аб характарыстыках новай тэхнікі расказала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Канавалік, якая курыруе пытанні лічбавізацыі.

– Згодна з патрабаваннямі, на ўсе кам’ютары папярэдне было ўстаноўлена ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне, у нашым выпадку, гэта аперацыйная сістэма Windows 10 з мінімумам ліцэнзійных праграм, – тлумачыць Людміла Міхайлаўна. – Работа з “воблачнымі тэхналогіямі” і сучаснымі праграмнымі комплексамі па навучальных прадметах, арганізацыя дыстанцыйнага ўзаемадзеяння патрабуюць наяўнасці высакахуткасных камп’ютараў, і новая тэхніка адпавядае гэтым патрабаванням поўнасцю. Паспяхова выкарыстоўваць яе можна і для сэрвісу “Электронны дзённік/журнал”, які актыўна ўкараняецца ў школах раёна.

У 2020 годзе за кошт мясцовага бюджэту былі набыты 16 ліцэнзійных праграмных комплексаў па розных прадметах. Яны дапамагаюць рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання і падрыхтоўваць будучых першакласнікаў.

Сучасная тэхніка дазваляе нашым настаўнікам паспяхова ўдзельнічаць у інтэрнэт-конкурсах і алімпіядах, навукова-даследчых конкурсах і канферэнцыях, ствараць уласныя сецявыя праекты.

– На нашы старыя камп’ютары ўжо не ўстанаўліваліся ні вучэбныя праграмы, ні праграмныя комплексы, “падвісалі” нават офісныя праграмы, – зазначае дырэктар сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Іван Кібінь. – Нам давялося на працягу года выкарыстоўваць у якасці класа метадычны кабінет. Цяпер у нас 2 камп’ютарныя класы, 3 мультыборды, мы можам якасна забяспечваць адукацыйны працэс, аднак яшчэ адзін таксама патрабуе замены. Новая тэхніка дапаможа дзецям і педагогам больш актыўна ўдзельнічаць у конкурсах і праектах рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўню, анлайн-семінарах, канферэнцыях, хутчэй запаўняць электронныя дзённікі і журналы.

– Новыя камп’ютары чакалі з нецярпеннем, – падкрэслівае настаўніца інфарматыкі Алена Дварчанін. – Яны сучасныя, адпавядаюць патрабаванням інфармацыйнага грамадства, у іх павышаны аб’ём аператыўнай памяці, вялікія, зручныя маніторы. Дзеці і педагогі вельмі рады новаму класу. Тут жа ў нас ладзяцца гурткі і заняткі па прафесійным навучанні для старшакласнікаў па спецыяльнасцях “Малодшая сястра міласэрнасці” і “Агент па турызме”. Нашы педагогі значны час супрацоўнічаюць з малдаўскімі калегамі, і новая тэхніка палегчыла гэты працэс.

– Камп’ютары спадабаліся, працуюць хутка, праблемных момантаў не ўзнікае, – дзеліцца ўражаннямі ад работы за новай тэхнікай адзінаццацікласнік Аляксей Лішык. – Увогуле яны дапамагаюць лягчэй успрымаць новы матэрыял па розных прадметах. Напрыклад, паназіраць на маніторы за хімічнай рэакцыяй, якую немагчыма правесці ў класе, ці выканаць тэставыя заданні.

Дырэктар Гезгалаўскай сярэдняй школы Эдуард Ненартовіч таксама зазначае, што новай тэхнікай тут задаволены.

– Яна “хуткая”, адпавядае сучасным запытам, – расказвае ён. – У нашай школе шырокапалосны інтэрнэт, сетка ахоплівае амаль усю ўстанову. З паступленнем новых камп’ютараў у дзяцей і настаўнікаў з’явіліся дадатковыя магчымасці. Увогуле, на сёння мы маем 3 камп’ютарныя міні-класы, новы вялікі клас, у планах – за кошт пазабюджэтных сродкаў абсталяваць камп’ютарамі яшчэ тры працоўныя месцы настаўнікаў і вучняў.

– Працаваць на такой тэхніцы – адно задавальненне, – згаджаецца настаўнік інфарматыкі Сяргей Аленчык. – У сістэме настроены “воблачныя тэхналогіі”, з дапамогай якіх можна знаходзіць тэсты для дзяцей і рыхтавацца да прадметных алімпіядаў, ствараць даследчыя работы і творчыя праекты. Акрамя таго, у Гезгалах арганізавана група па прафесійным навучанні па спецыяльнасці “Аператар ЭВМ”, якой зручней праходзіць падрыхтоўку на сучасных камп’ютарах.

– Мае аднакласнікі былі прыемна ўражаны, – расказвае дзесяцікласніца Анастасія Жэмайтук. – Працаваць стала зручней і камфортней, нават больш зразумела, бо дома ў нас таксама сучасная тэхніка. Увогуле, камп’ютар – неад’емная частка жыцця цяперашняй моладзі. Калі яго выкарыстоўваць з розумам, ён будзе надзейным памочнікам у вучобе, выдатным сродкам камунікацыі.

Ірына СТЫРНІК