Рэцэптаў бліноў, як і начынне для іх, існуе вялікая колькасць.
Якія з іх смачнейшыя? З гэтым пытаннем карэспандэнтка “Перамогі” звярнулася да дзятлаўчан ‒ і адказы аказаліся рознымі.
Надзея Козел:
‒ Няма бліноў лепшых, чым прыгатаваныя дома. Рэцэпт значэння не мае: я, напрыклад, пяку іх і на кефіры, і на малацэ, і на сыроватцы, і нават на вадзе. Інгрэдыенты і начынне заўсёды падбіраю “на вока”. Інтуіцыя яшчэ ніколі не падводзіла ‒ заўсёды атрымліваецца смачна.
Анжаліка Маціеўская:
‒ Бліны вельмі люблю, гэта адна з любімых страваў у маёй сям’і. Асабліва падабаюцца бліны з начыннем ‒ грыбамі, яблыкамі, тварагом. Чым яе больш, тым смачнешыя будуць бліны.
Алена Турчэнік:
‒ Бліны ўмею гатаваць розныя. Сёння, напрыклад, пякла бліны на маслянцы, па-іншаму яе называюць пахтой. Гэта прадукт, які атрымліваецца пры вырабе масла. Такія бліны атрымліваюцца смачнымі і без начыння, але мне падабаецца дадаваць да іх смажаныя сала, цыбуліну і яйкі.
Алена Рацько:
‒ Люблю бліны за тое, што інгрэдыенты можна падабраць на свой густ. Мне, напрыклад, вельмі падабаюцца бліны з мачанкай, салам і цыбуляй. Акрамя таго, падабаецца, што гатаваць іх вельмі проста і хутка ‒ асабліва калі ёсць некалькі патэльняў. Наконт асновы асаблівых пераваг няма: люблю гатаваць і на малацэ, і на кефіры ‒ залежыць ад таго, што зараз ёсць у халадзільніку.
Марыя ПАПОВА