У кінатэатры “Спадарожнік” прайшла дзявятая справаздачна-выбарчая канферэнцыя Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання ветэранаў.
Старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар пачаў мерапрыемства з кароткага экскурсу ў дзейнасць арганізацыі: акцыі, экскурсіі, творчасць, дабрачыннасць ‒ словам, усё тое, чым жывуць сучасныя людзі “залатога” ўзросту. Успомнілі і пра тых, каго ўжо не стала ‒ іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання.
На канферэнцыі было разгледжана некалькі пытанняў: справаздача аб дзейнасці арганізацыі за 2016-2020 гады, даклад рэвізійнай камісіі, і чарговыя выбары раённага савета ветэранаў, дэлегатаў на абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю. Рашэнні па іх былі прыняты аднагалосна, а працу аб’яднання прызналі здавальняючай.
У ходзе канферэнцыі слухачы актыўна задавалі пытанні выступоўцам і членам прэзідыума, выказвалі заўвагі і пажаданні адносна працы аб’яднання.
Пасля падвядзення вынікаў наступіла чарга выбарнай часткі канферэнцыі, на якой абралі старшыню, намесніка і адказнага сакратара арганізацыі. Імі адпаведна сталі Міхаіл Губар, Валянцін Абухаў і Ядвіга Гушча.
Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Бараноўскі, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, выказаў словы падзякі аб’яднанню за доўгія гады сумленнай працы і павіншаваў прысутных жанчын з надыходзячым святам.
Марыя ПАПОВА