23 лютага ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце чарговую прамую тэлефонную лінію правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.
Ад нашых землякоў Уладзіміру Аляксандравічу паступілі чатыры тэлефонныя званкі.
Першай з пытаннем да дэпутата звярнулася жыхарка вуліцы Навагрудскай. Жанчыну цікавіла, ці будзе ў гэтым жылым мікрараёне працаваць аптэка. Уладзімір Сіняк патлумачыў заяўніцы, што на сёння свае паслугі ў горадзе Дзятлава насельніцтву прадастаўляюць 5 аптэк. Яшчэ адна раней працавала па вуліцы Навагрудскай, але ўжо спыніла сваю работу. Яна належала прыватнай фірме, і рашэнне аб закрыцці аб’екта прымаў яго ўласнік. Нават пасля спынення работы гэтай аптэкі, сацыяльныя стандарты па забеспячэнні жыхароў горада Дзятлава лекамі і ахопе аб’ектамі аптэчнай сеткі выконваюцца ў поўным аб’ёме.
Яшчэ адну жыхарку райцэнтра цікавіла, ці будзе па вуліцы Булата пракладзена каналізацыя. Каб даць змястоўны адказ на гэта пытанне, дэпутат звязаўся з намеснікам старшыні райвыканкама Юрыем Залеўскім. Як стала вядома, крыніцай фінансавання будоўлі каналізацыі вызначаны сродкі саміх жыхароў вуліцы. Цяпер для гэтага аб’екта вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя, дзе будзе ацэнены кошт мантажна-будаўнічых работ. Выконваць іх збіраецца Дзятлаўскае РУП ЖКГ. А вось, як далей пойдзе будаўніцтва каналізацыі, залежыць ад актыўнасці саміх жыхароў вуліцы.
Трэці званок паступіў таксама ад жыхаркі райцэнтра. Жанчына расказала, што маршруты аўтобусаў праз Дзятлава да Наваельні і ў зваротным кірунку не заўсёды супадаюць з часам прыбыцця электрацягнікоў на станцыю “Наваельня”. Наша зямлячка прасіла скаардэнаваць аўтобусныя і чыгуначныя маршруты. Уладзімір Аляксандравіч узяў гэта пытанне на дэпутацкі кантроль і паабяцаў у бліжэйшы час для яго абмеркавання сустрэцца з кіраўніцтвам Лідскага аўтапарка.
З апошнім пытаннем тэлефанаваў жыхар вёскі Горка. Мужчыну цікавіла, ці з’явіцца ў бліжэйшы час асфальтавае пакрыццё на ўчастку грунтавой дарогі Раготна – Горка. Адказ на пытанне дэпутату таксама даў Юрый Залеўскі. Ён патлумачыў, што нядаўна на гэтым участку дарогі быў зроблены рамонт, а вось яго асфальтаванне пакуль не прадугледжана інвестыцыйнай праграмай.
Ірына СТЫРНІК