Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Алег Анцух: “Цыфравізацыя медыцыны палепшыць яе якасць” Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі

Важнае Грамадства

Беларусь на 2021-2025 гады актыўна абмяркоўваецца грамадзянамі нашай краіны.

Канчатковыя вынікі абмеркавання будуць падведзены на VI Усебеларускім народным сходзе.

Па каментарыі да раздзела “Паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва” ў частцы ўмацавання здароўя беларусаў карэспандэнтка газеты звярнулася да галоўнага доктара Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алега Анцуха.

– 19 студзеня 2021 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ужо зацверджана Дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2021-2025 гады, – патлумачыў Алег Іванавіч. – Яна комплексная, міжведамасная і будзе спрыяць дасягненню індыкатараў нацыянальнай бяспекі краіны ў галіне аховы здароўя і дэмаграфічнай бяспекі. Праграмай закладзены асноўныя накірункі работы беларускіх медыкаў на наступную пяцігодку, што адлюстравана ў падпраграмах “Сям’я і дзяцінства”, “Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў”, “Папярэджанне і пераадоленне п’янства і алкагалізму”, “Туберкулёз”, “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі” і іншых. Развіццё рённай медыцыны, як і рэспубліканскай у цэлым, будзе ажыццяўляцца згодна з гэтым стратэгічным дзяржаўным дакументам.

Што тычыцца Праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на пяцігодку, то ён таксама ўтрымлівае шэраг важных тэзісаў, якія паспрыяюць выхаду беларускай медыцыны на больш высокі ўзровень. Пэўная ўвага ў гэтым дакуменце скіравана на цыфравізацыю медыцыны. Хачу зазначыць, што за апошнія гады новыя тэхналогіі “прыйшлі” і на Дзятлаўшчыну. Напрыклад, сёння 100 % дактароў нашага раёна маюць магчымасць выпісваць рэцэпты ў электронным выглядзе і ўносіць даныя пацыента ў яго персанальную электронную картку. Летась тэлемедыцынскай кансультацыяй таксама былі ахоплены 100 % пацыентаў з ліку жыхароў раёна, якія мелі ў гэтым абавязковую патрэбу.

Пастаянна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх установаў Дзятлаўскага раёна, у тым ліку цэнтральнай раённай бальніцы. З апошніх “навінак”, якія былі набыты за сродкі рэспубліканскага бюджэту для нашай установы – апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх і наркозна-дыхальны апарат. За спонсарскія сродкі набыты два мабільныя блокі падачы кіслароду. Таксама ажыцяўлялася закупка камп’ютараў, электракардыёграфаў, шпрыцавых помпаў, пульсаксімертаў, бескантактных тэрмометраў. Абласны галіновы прафсаюз для Раклевіцкага і Мяляхавіцкага ФАПаў набыў два электравеласіпеды. У планах на бліжэйшы час – набыццё яшчэ адной новай машыны хуткай медыцынскай дапамогі. Таксама сёлета будзе выкананы рамонт пятага паверха галоўнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы.

Наогул, я ўпэўнены, што новыя тэхналогіі і цыфравізацыя медыцыны адчувальна палепшаць яе даступнасць і якасць.

Ірына СТЫРНІК 



Теги: