У лютым свой 80-гадовы юбілей адзначыла былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Новаяльнянскай сярэдняй школы Вера Іосіфаўна Логінава.
Яе жыццё больш за трыццаць гадоў было звязана з педагогікай. Дабрыня і адкрытасць, патрабавальнасць і прынцыповасць, крэатыўнасць і дасведчанасць – вось тыя якасці, якія дапамагалі Веры Іосіфаўне на працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці будаваць стасункі са сваімі выхаванцамі.
Нарадзілася Вера Іосіфаўна ў вёсцы Змяёўцы Дзятлаўскага раёна ў 1941 годзе. Нягледзячы на тое, што ў пасляваенны час вучыцца было цяжка, многага не хапала, паспяхова скончыла Дзятлаўскую сярэднюю школу № 2.
Да прафесіі педагога ішла свядома, марыла пра яе з дзяцінства.
Сваё юнацкае імкненне рэалізавала ў Аршанскім індустрыяльна-педагагічным вучылішчы, атрымаўшы ў 1964 годзе спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Спачатку маладая настаўніца працавала ў Засульскай васьмігадовай школе, што на Міншчыне, а пасля перавялася ў Крупаўскую сярэднюю школу Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў якасці настаўніцы рускай мовы і літаратуры.
А ўжо з верасня 1965 года Вера Іосіфаўна пачала працаваць у Новаяльнянскай сярэдняй школе. Працуючы выхавацелем групы падоўжанага дня, завочна вучылася ў Гродзенскім педагагічным інстытуце на факультэце беларускай філалогіі.
Як настаўніца беларускай мовы, сваю задачу бачыла ў тым, каб сфарміраваць у вучняў актыўную жыццёвую пазіцыю, развіваць у кожным сваім выхаванцы прыроджаны талент, любоў і павагу да роднага беларускага слова. Як вынік, яе вучні станавіліся неаднаразовымі прызёрамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.
За плённую працу ў сістэме адукацыі настаўніца неаднаразова была ўганаравана: у 1984 годзе ёй была прысвоена кваліфікацыя “старшы настаўнік”, а ў 1991 годзе – вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Таксама ў скарбонцы дасягненняў Веры Іосіфаўны – граматы Дзятлаўскага райвыканкама, аддзела адукацыі, Ганаровая грамата міністэрства адукацыі Беларускай ССР, грамата Вярхоўнага Савета БССР.
Прыклад Веры Іосіфаўны натхняў і іншых педагогаў школы. Яны далучаліся да алімпіяднага руху, удзелу ў конкурсах.
Сёння ў Новаяльнянскай сярэдняй школе працуе шмат настаўнікаў – былых вучняў Веры Іосіфаўны. Яны памятаюць яе ўрокі і стараюцца быць прадаўжальнікамі добрых і слаўных традыцый. Ёсць вучні, якія і праз шмат гадоў з гонарам паўтараюць, што толькі дзякуючы Веры Іосіфаўне не згубіліся ў жыцці, не збочылі са сваёй сцяжыны, не зламаліся пад цяжарам жыццёвых нягод, а годна вытрымалі экзамен на чалавечнасць.
Кацярына МІХАЛЕВІЧ,
настаўніца Новаяльнянскай сярэдняй школы