Пасведчанне шматдзетнай сям’і. Што памянялася?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пастановай Савета Міністраў ад 17 снежня 2020 года № 736 зацверджана новая рэдакцыя Палажэння аб парадку выдачы пасведчання шматдзетнай сям’і, а таксама вызначаны новы ўзор  такога пасведчання.

Пра новаўвядзенні жыхарам раёна расказала работніца структурнага падраздзялення райвыканкама – галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Чарняк.

– Змены былі ўнесены ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 ліпеня 2011 года № 1009 “Аб зацвярджэнні ўзору пасведчання шматдзетнай сям’і і Палажэння аб парадку выдачы пасведчання шматдзетнай сям’і”. Яны ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2021 года.

Што цяпер новага? Па-першае, устаноўлена права на атрыманне пасведчання паводле рэгістрацыі па месцы жыхарства (месцы знаходжання) або па месцы фактычнага пражывання сям’і.

Па-другое, удакладнены парадак вызначэння складу сям’і. У прыватнасці, у складзе сям’і ўлічваюцца: маці (мачаха); бацька (айчым); усынавіцель (удачарыцель); дзеці ва ўзросце да 18 гадоў (уключаючы дзень дасягнення iмi ўзросту 18 гадоў), якія знаходзяцца на ўтрыманні і выхаванні ў сям’і (родныя, усынаўлёныя, удачароныя, пасынкі і падчарыцы), якія пастаянна жывуць у Рэспубліцы Беларусь.

Пры гэтым член сям’і, які ўлічаны пры выдачы пасведчання ў складзе адной сям’і, можа ўлічвацца ў складзе іншай сям’і пасля выключэння яго са складу сям’і ў раней выдадзеным пасведчанні.

Па-трэцяе, у сувязі з тым, што абавязковай умовай, устаноўленай для выдачы пасведчання, з’яўляецца пастаяннае пражыванне сям’і ў Рэспубліцы Беларусь, канкрэтызуецца, што ўмова пастаяннага пражывання выкарыстоўваецца да дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, і да аднаго з членаў сям’і, мужа ці жонкі, калі сям’я поўная.

Таксама вызначаны вычарпальны пералік дакументаў і (або) звестак, на падставе якіх выдаецца пасведчанне. Адначасова ўдакладнена, што, ў выпадку выдачы новага пасведчання замест раней атрыманага, апошняе прыкладаецца бацькамі да заявы аб выдачы пасведчання.

Павялічаны тэрміны, устаноўленыя для запыту мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі дакументаў, неабходных для выдачы пасведчання (з 3 працоўных дзён да 5 каляндарных дзён), а таксама для правядзення абследавання сям’і (з 3 да 5 працоўных дзён).

Павелічэнне названых тэрмінаў не ўплывае на агульны тэрмін ажыццяўлення гэтай адміністрацыйнай працэдуры.

Удакладнены парадак абскарджвання прынятага рашэння аб выдачы (аб адмове ў выдачы) пасведчання ў вышэйстаячы мясцовы выканаўчы i распарадчы орган, а затым у суд.

Канкрэтызаваны абставіны, пры якіх уносяцца змены ў выдадзенае пасведчанне: пры падаўжэнні (скарачэнні) тэрмiну яго дзеяння; зменах у складзе сям’і; змяненні прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку; даты нараджэння членаў сям’і і іншае.

Вызначана, куды сем’ям варта звяртацца для ўнясення змен (у адпаведнасці з іх рэгістрацыяй па месцы жыхарства, месцы знаходжання або месцы фактычнага пражывання сям’і), прадугледжана права выбару замест унясення змяненняў у раней атрыманае пасведчанне атрымаць новае пасведчанне.

Выкладзены канкрэтныя абставіны, пры ўзнікненні якіх сям’я губляе статус шматдзетнай. Такімі падставамі з’яўляюцца: дасягненне старэйшым дзіцём з траіх непаўналетніх дзяцей 18-гадовага ўзросту; вызначэнне месца пражывання дзіцяці (дзяцей) з бацькам, які не ўваходзіць у склад сям’і (на падставе рашэння суда, Пагаднення аб дзецях, Шлюбнага дагавора, пастановы аб судовым загадзе аб спагнанні аліментаў, Пагаднення аб выплаце аліментаў пры вызначэнні месца пражывання дзяцей з адным з бацькоў і (або) пры ўстанаўленні аліментаў на ўтрыманне дзяцей); пазбаўленне бацькоў (аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і) бацькоўскіх правоў; адмена ўсынаўлення (удачарэння); адабранне дзіцяці (дзяцей) з сям’і па рашэнні суда без пазбаўлення бацькоў бацькоўскіх правоў; смерць дзіцяці (дзяцей), прызнанне яго (іх) без вестак адсутным (і) аб’яўленне яго (іх) памерлым(і).

Замацавана норма, што пасведчанне пры страце статусу шматдзетнай сям’і з’яўляецца несапраўдным і не можа выкарыстоўвацца для пацвярджэння права на сацыяльныя гарантыі і льготы, устаноўленыя для шматдзетных сем’яў.

Таксама ўдакладнена, што несапраўдным лічыцца пасведчанне з памаркамі і падчысткамі ці аформленае неналежным чынам.

З Палажэння выключаны нормы аб выдачы дубліката пасведчання, паколькі яны рэгулююцца Указам № 200.

Палажэнне дапоўнена нормай, якая вызначае, што звесткі аб прынятым рашэнні аб выдачы (аб адмове ў выдачы) пасведчання, выдачы дубліката пасведчання, пры зменах у складзе сям’і, вяртанні пасведчання ўносяцца ў базу даных шматдзетных сем’яў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ўліку шматдзетных сем’яў не пазней за 3 рабочыя дні з дня прыняцця рашэння, паступлення інфармацыі пра змены, вяртанні пасведчання.

Зацверджана новая форма заявы аб выдачы пасведчання.

Зацверджана новая форма акта абследавання сям’і, якая выхоўвае дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. У ім утрымліваецца комплексная інфармацыя не толькі пра катэгорыю і склад сям’і, жыллёвыя ўмовы, віды дзяржаўнай падтрымкі, на якую сям’я рэалізавала права, але і пра надзённыя патрэбы сям’і ў сацыяльных паслугах, матэрыяльнай дапамозе, працаўладкаванні і іншыя.

Пасведчанні, выдадзеныя шматдзетным сем’ям да 1 студзеня 2021 года, будуць сапраўдныя і не запатрабуюць абмену.

Ірына СТЫРНІК