“Памяць. Вернасць. Абавязак”

Грамадства Свежыя навіны

Пад такой назвай у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава прайшоў 18 пленум раённага савета ГА “БРПА”.

Сельскія ўстановы адукацыі далучыліся да яго праз аддалены доступ у інтэрнэце.

Удзельнікаў сустрэчы павітала старшыня раённага савета піянераў Ірына Мішчанка.

Ветэран піянерскага і камсамольскага руху Надзея Канявега павіншавала ўдзельнікаў пленума з Днём абаронцаў айчыны і расказала, як у Раготнаўскім дзіцячым садзе-базавай школе, дзе яна працуе, праходзіла раённая пяцідзёнка “Непераможная і слаўная”.

Творчыя прэзентацыі па выніках пяцідзёнкі на пленуме прадставілі піянерскія дружыны і пярвічкі ГА “БРСМ” Гезгалаўскай і Казлоўшчынскай сярэдніх школ, Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык узгадала, як у Дварэцкай сярэдняй школе праходзіла ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць война-інтэрнацыяналіста Дзмітрыя Лазовіка.

Пасля ўдзельнікаў пленума запрасілі ў крэатыў-студыю “Мы разам!”, дзе моладзевыя каманды адказалі на пытанні патрыятычнай віктарыны.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне пераможцаў раённых этапаў рэспубліканскага конкурсу інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі квіз” і дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”.

Зарад бадзёрасці моладзі надаў танцавальны анлайн-флэшмоб “Рабі, як я, рабі лепш за мяне!”. Педагог гімназіі Марына Шаўчук запрасіла дзяцей на майстар-клас арыгамі. Разам яны змайстравалі з паперы рознакаляровыя кашулі, на якія нанеслі піянерскую сімволіку.

Напрыканцы ўдзельнікі пленума падвялі яго вынікі і прынялі Пастанову. Было вырашана, што і надалей прадоўжыцца сацыяльна значная дзейнасць піянерскіх дружын і раённага савета ГА “БРПА”. Па прэзентацыях вынікаў раённай пяцідзёнкі “Непераможная і слаўная” будзе створаны віртуальны відэаролік “Служым Айчыне!”. Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь плануецца правесці яшчэ адну тэматычную дыстанцыйную пяцідзёнку “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Ірынай МІШЧАНКА